Мясніковіч прапануе адкрыць прамыя авіязносіны паміж Беларуссю і Індыяй



Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч 13 чэрвеня на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Індыі ў Беларусі Сангітай Бахадур прапанаваў адкрыць прамыя авіязносіны паміж краінамі.

На думку старшыні Савета Рэспублікі, адкрыццё прамога авіярэйса садзейнічала б актывізацыі дзелавога супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Індыяй. „У комплексе з візавымі пытаннямі гэта быў бы сапраўды добры стымул для пашырэння нашага супрацоўніцтва”, – сказаў Міхаіл Мясніковіч. Пры гэтым ён адзначыў, што арганізацыяй прамога рэйса мог бы заняцца не толькі беларускі авіяперавозчык, але і індыйскія.

У час сустрэчы закраналіся пытанні гандлёва-эканамічнага партнёрства з Індыяй, у тым ліку паставак беларускай кар’ернай тэхнікі, электробусаў. Бакі абмеркавалі магчымасці ўзаемадзеяння ў нафтавай сферы, тэкстыльнай прамысловасці. Асаблівая ўвага была ўдзелена супрацоўніцтву ў фармацэўтычнай галіне. Міхаіл Мясніковіч упэўнены, што буйнейшым сумесным беларуска-індыйскім праектам можа стаць мультымадальны лагістычны цэнтр у пасёлку Балбасава Аршанскага раёна. Для індыйскіх бізнесменаў ён паслужыць своеасаблівымі варотамі ў Еўразійскі эканамічны саюз. Гэту пляцоўку можна выкарыстоўваць і для камфортнага гандлю з краінамі Заходняй Еўропы. На сустрэчы разглядаліся таксама магчымасці ўдасканалення арганізацыі візавай падтрымкі індыйскіх бізнесменаў. „Мы будзем імкнуцца да таго, каб стварыць камфортныя ўмовы для індыйскага бізнесу”, – падкрэсліў старшыня Савета Рэспублікі. У сваю чаргу пасол адзначыла, што лагістычны цэнтр пад Оршай уяўляе вялікі інтарэс для дзелавых колаў Індыі, асабліва з улікам ільгот і прэферэнцый, якія тут плануецца прадастаўляць інвестарам.

Міхаіл Мясніковіч і Сангіта Бахадур абмеркавалі вынікі візіту ў Менск парламенцкай дэлегацыі Індыі на чале са спікерам Лок сабхі (ніжняй палаты) парламента Індыі Сумітрай Махаджан. Бакі выказалі ўпэўненасць, што ён будзе садзейнічаць умацаванню ўсебаковага беларуска-індыйскага супрацоўніцтва.

belta.by