У Расеі стартуе футбольны чэмпіянат свету



Сёння у Расеі пачынаецца футбольны чэмпіянат свету. Але перш чым анансаваць матч адкрыцця апошнія навіны перад стартам.

Гэты мундыяль ужо адзначыўся адным унікальным фактам. За дзень да яго адкрыцця быў зняты з сваёй пасады не абы хто, а галоўны трэнер нацыянальнай дружыны Іспаніі Хулен Лапатэгі. Што яшчэ больш дзіўна – “чырвоная фурыя” пад кіраваннем гэтага спецыяліста не пацярпела аніводнай (!) паразы. А прычына такога рашэння іспанскай федэрацыі наступная – Лапатэгі паралельна падпісаў клубны кантракт з самым мадрыдскім “Рэалам”. Пра гэта было абвешчана днямі. Рэакцыя іспанскіх чыноўнікаў была хуткай і звыш, а можа і псеўда-прынцыповай, яе не задаволіла такая неспадзяванка. Новым галоўным рулявым прызначаны Фернанда Ерра – у мінулым знакаміты абаронец пірэнейскай дружыны. Перад гэтым Ерра займаў пасаду спартовага дырэктара зборнай. Ці дасць ён рады на капітанскім мосціку – пакажуць ужо гульні папярэдняй стадыі.

Крыху забаўляльнага. У Нямеччыне прайшоў конкурс “Міс-мундыяль”-2018. У ім спабаравалі прадстаўніцы 32 зборных-удзельніц. Канкурсанткі выступалі ў кашульках сваіх дружын, у вечаровых сукнях, а таксама ў бікіні. У выніку перамагла 18-гадовая бельгійская студэнтка Зоэ Брунэ.

Матч адкрыцця турніру пройдзе Маскве на стадыёне “Лужнікі”. У ім па традыцыі сустрэнуцца прадстаўнікі групы “А” – каманда Расеі – гаспадар чэмпіянату і дружына Савудаўскай Арабіі. Гэта найменш рэйтынгавыя ўдзельнікі мундыялю: у класіфікацыі ФІФА савудыты займаюць толькі 67-е месца, а расейцы яшчэ ніжэй – 70-е. Тым не менш паміж аўтсайдарамі чакаецца напружанае змаганне. Зборная Расеі пад кіраваннем Станіслава Чарчэсава вельмі мала забівае і надзвычай даўно не перамагала – ажно 7 матчаў. Праблема гаспадароў яшчэ ў тым, што Расея, якая атрымала месца на першынстве аўтаматычна, даўно не змагалася ў афіцыйных матчах. Але раз у год і палка страляе, а ў сваёй хаце, як кажуць, і дзіркі грэюць. На баку Савудаўскай Арабіі, якую трэніруе іспанскі настаўнік Хуан Піццы, козыр добрай згулянасці. У азіятаў у складзе толькі адзін легіянер – і гэта зразумела – нафтавая дзяржава можа заплаціць вялізныя грошы футбалістам і на радзіме. Па-сутнасці, аснову каманды складаюць прадстаўнікі двух альбо трох сваіх клубаў. Дадам, што гэтыя супернікі аднойчы ўжо сустракаліся – у 1993 годзе ў таварыскім спатканні перамаглі арабы – 4:2.

На дэсерт цікавыя лічбы. Чаго чакаць ад бамбардзіраў? Лепшы снайпер сучаснасці партугалец Крышціяну Раналду мае на сваім рахунку 81 гол – столькі мячоў за сваю дружыну ён накалаціў за 15 гадоў. Раналду ў пагоні за легендарным венграм Феранцам Пушкашам, на балансе якога 84 мячы. Гэта лепшы вынік сярод еўрапейскіх бамбардзіраў усіх часоў. Роберт Левандоўскі мае 55 галоў за рэпрэзентацыю Польшчы. Ён ужо ўвайшоў у дзясятку найлепшых снайпераў Старога свету ў гісторыі. Што датычыць паўднёваамерыканцаў, то у Ліанэля Месі 64 трапныя стрэлы за Аргенціну, больш з прадстаўнікоў гэтага кантыненту за нацыянальную зборную забіваў толькі Пеле – 77. Што датычыць галоў у фінальных стадыях мундыяляў – пра іх прыгадаем абавязкова ў наступных выпусках.

Найбольшае прадстаўніцтва на расейскіх палях будуць мець пасланцы брытанскіх ліг – ажно 129 футбалістаў. Як ведама, Італія нечакана не прабілася на гэты топ-турнір, але прадстаўнікоў апенінскіх клубаў будзе ажно 60. Што датычыць клубнага дэлегавання, то наперадзе брытанскі “Манчэстэр сіці” – 16 яго гульцоў у складах розных дружынаў. Мадрыдскі “Рэал” застаўся тут толькі другім – 15, трэці паказнік у “Барселоны” – 13. Сама старэйшы ўдзельнік мундыялю – брамнік Егіпта Эсам Эль-Хадары – 45 гадоў і 5 месяцаў. З палявых гульцоў – гэта мексіканскі капітан Рафаэль Маркес, якому 39 гадоў.

Беларускае Радыё Рацыя