ДФР КДК: Алесь Ліпай падазраецца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў
Упраўленне дэпартамента фінансавых расследаванняў (ДФР) Камітэта дзяржкантролю па Менску і Менскай вобласці 12 чэрвеня пачало ў дачыненні да дырэктара інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алеся Ліпая крымінальную справу па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса па факце ўхілення ад выплаты падаходнага падатку ў асабліва буйным памеры.
„Падставай для распачынання крымінальнай справы паслужылі атрыманыя з падатковых органаў матэрыялы праверкі А.І.Ліпая па фактах нявыплаты ім падаходнага падатку з даходаў, атрыманых за мяжой, — гаворыцца ў паведамленні на сайце КДК. — Так, у фінансавай міліцыі маецца дакладная інфармацыя пра тое, што А.І.Ліпай, атрымаўшы ў 2016—2017 гадах ад нерэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь даход на агульную суму больш як 1,3 млн рублёў у эквіваленце, наўмысна не падаў ва ўстаноўленыя тэрміны ў інспекцыю Міністэрства па падатках і зборах па месцы жыхарства падатковыя дэкларацыі і не выплаціў падаходны падатак. Тым самым А.І.Ліпай ухіліўся ад выплаты падаходнага падатку на агульную суму больш як 173 тыс. рублёў”.
„А.І.Ліпай пасля выяўлення гэтага факту прызнаў парушэнне заканадаўства і 12.06.2018 зрабіў выплату падаходнага падатку і пені ў памеры больш за 191 тыс. рублёў. Тым не менш, улічваючы, што памер урону ў выглядзе нявыплачанага падаходнага падатку перавысіў 1 тыс. базавых велічынь (24,5 тыс. рублёў), незалежна ад яго наступнай кампенсацыі фінансавая міліцыя абавязаная ў адпаведнасці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам ажыццявіць комплекс крымінальна-працэсуальных дзеянняў, накіраваных на ўсталяванне абставінаў атрымання грашовых сродкаў. Цяпер органамі фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю праводзяцца неадкладныя следчыя і іншыя працэсуальныя дзеянні”, — адзначаецца ў паведамленні.
Санкцыя па ч. 2 арт. 243 КК прадугледжвае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю або без пазбаўлення.
Нагадаем, 14 чэрвеня ў кватэры дырэктара і заснавальніка БелаПАН Алеся Ліпая прайшоў вобшук. Паводле наяўнай інфармацыі, ордэр на вобшук падпісаў пракурор горада ў межах крымінальнай справы. Прадстаўнікі ДФР прыйшлі ў кватэру Ліпая каля 7.00. Ліпай адразу ж звязаўся з праваабаронцам Алесем Бяляцкім і да яго прыходу не адчыняў дзверы. Вобшук пачаўся прыкладна ў 8.00. Пасля вобшуку Ліпая даставілі ва ўпраўленне ДФР па Менску і Менскай вобласці, дзе ён знаходзіцца дагэтуль.
Зараз дырэктара БелаПАН Алеся Ліпая адпусцілі пасля допыту ў дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю.