Міліцыя працягвае затрымліваць абаронцаў Курапатаў



Супрацоўнікі міліцыі 14 чэрвеня зноў затрымалі апазіцыйнага актывіста Дзяніса Урбановіча, які пратэстуе супраць адкрыцця каля ўрочышча Курапаты рэстаранна-забаўляльнага комплексу „Поедем поедим”.

Урбановіч быў затрыманы на выхадзе з Курапатаў і дастаўлены ў Бараўлянскі аддзел Менскага РУУС, паведаміў БелаПАН сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец.

Паводле яго слоў, у дачыненні да актывіста складаюць пратаколы па арт. 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў).

8 чэрвеня ў дачыненні да Урбановіча ўжо было складзена два пратаколы.

13 чэрвеня тры адміністрацыйныя пратаколы было складзена ў дачыненні да Севярынца: па арт. 17.1, 23.4 і 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

Акцыі пратэсту праходзяць каля рэстарана штодня з 31 траўня.

belapan.by