Актывісткі „Матчынага руху 328” паспрабуюць пераканаць старшыню Палаты прадстаўнікоў



Удзельніцы ініцыятывы „Матчын рух 328” маюць намер патрапіць на асабісты прыём да старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзіміра Андрэйчанкі і пераканаць яго ў неабходнасці тэрмінова змяніць „антынаркатычны” артыкул Крымінальнага кодэкса, паведаміла актывістка руху Антаніна Ляпёхіна.

Звярнуцца да Андрэйчанкі з просьбай разгледзець папраўкі ў арт. 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў) у двух чытаннях ужо на гэтай сесіі актывісткам ініцыятывы параіў на прыёме 14 чэрвеня начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Ільясевіч.

„Ён сказаў, каб мы са сваім пытаннем звярталіся да Андрэйчанкі, — сказала Ляпёхіна. — Ён можа паўплываць, выступіць ініцыятарам таго, што наша пытанне цалкам разгледзяць у гэтую сесію, калі мы пераканаем яго, што гэтае заканадаўства трэба тэрмінова змяніць. Мы плануем трапіць да яго на прыём, але, на жаль, пакуль не ведаем, атрымаецца ў нас гэта ці не”.

„Нас цікавіла не толькі, ці будзе прыняты законапраект, але і што менавіта будзе прынята. Той праект змяненняў, які перадаў [парламенту] Савет міністраў, не задаволіць вельмі вялікую колькасць людзей, паколькі гэтыя змены практычна нічога не дадуць. Але сёння Віктар Сазон (загадчык аддзела па зваротах грамадзян і юрыдычных асоб сакратарыята Палаты прадстаўнікоў. — БелаПАН.) паведаміў нам, што дэпутаты ўжо інфармаваныя аб тых папраўках, якія мы прапаноўвалі, і што некаторыя з іх будуць за гэтыя папраўкі галасаваць”, — адзначыла актывістка руху.

14 чэрвеня каля дзесяці актывістак ініцыятывы „Матчын рух 328” перадалі ў Палату прадстаўнікоў два звароты на імя Андрэйчанкі. Родныя асуджаных па арт. 328 КК папрасілі дэпутатаў прыняць змены ў гэты артыкул адразу ў двух чытаннях на бягучай сесіі (яна закрываецца 29 чэрвеня), а таксама ўлічыць пры прыняцці дакумента іх папраўкі.

У другім звароце адзначаецца, што да дэпутатаў на электронную пошту паступіла шмат юрыдычна абгрунтаваных прапаноў, якія могуць дапамагчы ўнесці дакладныя крытэрыі для дыферэнцыяцыі ступені цяжкасці злачынстваў, звязаных з абаротам наркатычных сродкаў.

Новая рэдакцыя арт. 328 КК, распрацаваная Саветам міністраў, прадугледжвае зніжэнне мінімальных тэрмінаў пакарання для распаўсюджвальнікаў наркотыкаў і замену канфіскацыі маёмасці на штраф. Паступленню законапраекта ў парламент спрыяла галадоўка актывістак „Матчынага руху 328”, якая пачалася 27 красавіка і доўжылася 15 дзён. 14 жанчын, чые дзеці прыгавораныя да доўгіх тэрмінаў па арт. 328, галадалі, разбіўшыся на дзве групы, у Пухавіцкім раёне і Калінкавічах. Яны патрабавалі гуманізацыі пакарання па „антынаркатычнай” артыкулах. Удзельніцы галадоўкі таксама дамагаліся сустрэчы з Лукашэнкам, але самым высокім начальнікам, які з імі сустрэўся, стала кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава.

belapan.by