Вячаслаў Сіўчык сустрэўся з гарадзенцамі
Паліталагічную лекцыю з гарадзенцамі, актывістамі нацыянальнага руху правёў госць з Менска Вячаслаў Сіўчык – лідар Руху Салідарнасці „Разам”.
Палітык выступіў з некаторымі важнымі для ўсіх беларусаў пытаннямі. Ён закрануў геапалітычную сітуацыю і магчымасці супрацьстаяць „рускаму міру”, які атабарыўся ў Беларускім краі.
– Мэта майго прыезду не толькі праінфармаваць пра тыя падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі, адказаць на пытанні, але, у тым ліку, і параіцца, бо простага шляху выйсця з лукашэнкаўскага тупіка не існуе. Часам у людзей увогуле складваецца ўражанне, што выйсця няма. Але выйсце ёсць, і разам яго трэба знаходзіць. Беларуская справа мусіць пацверджвацца беларускімі дзеяннямі.
Вячаслаў Сіўчык назваў „ганьбай” для беларускай нацыі адкрыццё на месцы этнацыду 30-х гадоў мінулага стагоддзя – мемарыяла Курапаты – забаўляльнага цэнтра. І гонарам сталі толькі дваццаць чалавек, якія змагаюцца з незаконным аб’ектам, блакуючы туды пад’езды.
– 20 чалавек выходзяць і блакуюць. Для мяне застаецца вялікай загадкай, чаму толькі 20, бо гэта мала. Але факт застаецца фактам: ужо працяглы перыяд адбываецца абарона Курапатаў. Але сама сітуацыя вельмі кепская. Пакуль улады не збіраюцца мяняць сваё рашэнне, але яны вымушаны будуць гэта зрабіць. Як мінімум да 29 чэрвеня. Таму ў нас яшчэ ёсць час.
Хаця Вячаслаў Сіўчык назваў Гародню адным з цэнтраў нацыянальнага руху, ён хіба не паспеў убачыць, што этнацыд беларусаў дасягнуў неймавернага развіцця. Цяпер у абласным цэнтры няма ніводнай нацыянальнай беларускай школы, садка, адсутнічаюць газеты, радыё і нават надпісы на большасці ўстаноў па-беларуску.
Вячаслаў Сіўчык праінфармаваў гарадзенцаў, што IV з’езд Руху Салідарнасці „Разам” пройдзе ў верасні сёлета, да якога прасіў далучацца нацыяналістаў, якія падзяляюць ідэю змагання за дзяржаўны суверэнітэт, змагання з гібрыднай агрэсіяй Масквы і супраціўлення этнацыду беларусаў.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара