Аргкамітэт Прэміі імя Ежы Гедройца абвяшчае поўны спіс намінантаў



31 траўня закончыўся прыём заявак на ўдзел у літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца 2018. Прэтэндаваць на перамогу могуць кнігі, напісаныя на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакументальнай прозы, выдадзеныя ў папяровым альбо электронным варыянце паміж 1 студзеня і 31 снежня 2017 года.

Цяпер на галоўны прыз прэтэндуюць 32 кнігі, напісаныя 32 аўтарамі. Агулам сябрам журы трэба прачытаць 7388 старонак.

13 аўтараў удзельнічаюць у Прэміі імя Ежы Гедройца ўпершыню. Але гэта не толькі дэбютанты. Так, напрыклад, упершыню намінавана кніга Уладзіміра Арлова, які доўгі час быў сябрам журы Прэміі. 

Найчасцей у Прэміі ўдзельнічалі: Альгерд Бахарэвіч (3 разы з 6 кнігамі), Адам Глобус (4 разы з 5 кнігамі), Аляксандр І. Бацкель і Алесь Аркуш (3 разы з 3 кнігамі).

З 19 аўтараў, якія раней ужо ўдзельнічалі ў прэміі, 8 адзначаліся сябрамі журы, г.зн. уваходзілі ў лонг- і шорт-лісты. Прызёрамі прэміі раней станавіліся (займалі другія і трэція месцы) Альгерд Бахарэвіч, Адам Глобус і Вінцэсь Мудроў.

Сёлета свае кнігі прадстаўляюць 11 выдавецтваў: 9 з Беларусі і 2 з Украіны. Больш за ўсіх кніг падало выдавецтва “Кнігазбор” – 9 кніг, следам па 5 кніг падалі выдавецтвы “Галіяфы”, “Логвінаў” і “Янушкевіч”.

За ўсю гісторыю толькі выдавецтва “Логвінаў” атрымлівала Прэмію імя Ежы Гедройца двойчы. Выдавецтвы “Паперус”, “Кнігазбор”, “Крок” (Тэрнопаль, Украіна), “Радыё Свабода” – па адным разе.

Поўны спіс намінантаў:

Мікола Адам. Мястэчка. Мультымедыйнае выдавецтва Стрэльбіцкага, Кіеў.

Алесь Аркуш. Сядзіба. Полацкае Ляда, Полацк.

Уладзімір Арлоў. Танцы над горадам. Логвінаў, Менск.

Анатоль Астапенка. Між светам тым і гэтым. Логвінаў, Менск.

Альгерд Бахарэвіч. Сабакі Эўропы. Логвінаў, Менск.

Аляксандр І. Бацкель. Квадратурынавы маёнтак. Логвінаў, Менск.

Міхась Булавацкі. Беларус у Беларусі. Смаленск, Менск

Вольга Гапеева. (В)ядомыя гісторыі. Логвінаў, Менск.

Валер Гапееў. Мая мілая ведзьма. Мастацкая літаратура, Менск.

Адам Глобус. Сям’я. Мастацкая літаратура, Менск

Аліна Длатоўская. Ген зямлі. Кнігазбор, Менск

Зміцер Дзядзенка. Вялікая пралетарская сэксуальная рэвалюцыя. Выдавецтва Янушкевіч, Менск.

Леанід Дранько-Майсюк. Натуральны, як лінія небасхілу. Кнігазбор, Менск

Валянцін Дубатоўка. Чужы. Кнігазбор, Менск

Зінаіда Дудзюк. Пара высокага сонца. Альтэрнатыва, Берасце.

Міхась Зізюк. Планктон. Галіяфы, Менск

Зараслава Камінская. Русалкі клічуць. Кнігазбор, Менск

Ганна Кандрацюк. Па Прыпяці па Нобель. Кнігазбор, Менск

Віктар Карамазаў. Пад крыжам. Кнігазбор, Менск

Інэса Кур’ян. Бэзавы бамжак. Выдавецтва Янушкевіч, Менск.

Зміцер Кустоўскі. Прытулак. Галіяфы, Менск

Максім Кутузаў. Князь-ваўкалак. Галіяфы, Менск

Ніна Лістота. Каханні. Кнігазбор, Мінск

Вікенцій Мароз. Перажытае-незабытае. Галіяфы, Менск

Вінцэсь Мудроў. Забойца анёла. Кнігазбор, Менск

Ганна Севярынец. Дзень Святога Патрыка. Рэгістр. Менск.

Павел Севярынец. Беларусалім. ФОП Серадняк Т.К., Днепр. Украіна.

Франц Сіўко. Штрыхкоды. Галіяфы, Менск

Аляксандр Тамковіч. Мазаіка жыцця. Медысонт, Менск.

Анка Упала. На заснежаны востраў. Выдавецтва Янушкевіч, Менск.

Ксенія Шталенкова. Губернскі дэтэктыў. Справа аб крывавых дукатах. Выдавецтва Кнігазбор, Мінск.

Людміла Шчэрба. Урб@н.М: Адзін дзень не майго жыцця. Выдавецтва Янушкевіч, Менск.

У журы прэміі сёлета ўвайшлі: Валянцін Акудовіч – філосаф, эсэіст, тэарэтык літаратуры; Ала Брадзіхіна – крытык, даследчык літаратуры, выкладчык, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны; Ганна Бутырчык – лiтаратуразнаўца, загадчык кафедры замежнай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт; Пятро Васючэнка – літаратуразнаўца, крытык, празаік, драматург, эсэіст, казачнік і аўтар фэнтэзі; Сяргей Кавалёў – драматург і літаратуразнаўца, дырэктар Інстытута славянскай філалогіі Люблінскага універсітэта; Марына Казлоўская – літаратуразнаўца, перакладчыца; Ціхан Чарнякевіч – літаратуразнаўца, крытык, перакладчык, архівіст, эсэіст.

Узнагароджанне пераможцы Прэміі Гедройца 2018 папярэдне плануецца ў верасні. 

Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца заснаваная 28 снежня 2011 года і ўручаецца з 2012 г. за найлепшую кнігу прозы, выдадзеную (у папяровым або электронным варыянтах) на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакументальнай прозы. У папярэднія гады прэмію атрымлівалі: Павел Касцюкевіч, Уладзімір Някляеў, Ігар Бабкоў, Віктар Казько, Макс Шчур, Зміцер Бартосік. 

Прэмія названа ў гонар ураджэнца Мінска, публіцыста і палітыка Ежы Гедройца, які ў сваёй культурнай дзейнасці быў паслядоўным прыхільнікам добрасуседскіх зносінаў паміж Польшчай і Беларуссю, Літвой і Украінай. Суарганізатарамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Менску. 

Кантакты:

e-mail: [email protected]

тэл.: +375 29 367-95-82 (Velcom)

ПЭН-цэнтр