Дазволена гандляваць на рынках дамашняй кулінарыяй і кансервамі



У Беларусі дазволілі гандляваць на рынках дамашняй кулінарыяй і кансервамі. Адпаведныя змены ў правілы стварэння і функцыянавання рынкаў, зацверджаныя пастановай урада ад 16 лiпеня 2014 года № 686, уносяцца пастановай Савета міністраў ад 14 чэрвеня 2018 года № 452.

Дакумент прыняты ў межах прывядзення заканадаўства ў адпаведнасць з указам прэзідэнта ад 19 верасня 2017 года № 337 „Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб” і дэкрэтам ад 23 лістапада № 7 „Аб развіцці прадпрымальніцтва”.

У мэтах зніжэння нагляднага цяжару на суб’екты гаспадарання з правілаў выключаная норма аб неабходнасці ўзгаднення схемы рынку з органам дзяржаўнага пажарнага нагляду.

Адміністрацыі рынку абавязаныя пры распрацоўцы яго схемы прадугледжваць гандлёвыя месцы для продажу вырабленых фізічнымі асобамі хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, гатовай кулінарнай прадукцыі, а таксама права адміністрацыі рынку на сельскагаспадарчых і ўніверсальных рынках выдзяляць гандлёвыя зоны для продажу такіх вырабаў і прадукцыі.

Акрамя таго, адміністрацыя рынку павінна пазначаць гандлёвыя зоны, дзе прадаецца прадукцыя фізічных асоб, спецыяльнай шыльдай з інфармацыяй пра тое, што рэалізуецца прадукцыя, вырабленая фізічнымі асобамі, якая не мае дакументаў, што пацвярджаюць яе якасць і бяспеку, а таксама не прайшла ветэрынарны агляд і ветэрынарна-санітарную экспертызу.

У сваю чаргу фізічныя асобы, якія ажыццяўляюць рэалізацыю сваёй прадукцыі, у мэтах забеспячэння санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва для атрымання гандлёвага месца на рынку абавязаныя падаваць медыцынскі дакумент з вынікамі праходжання флюараграфічнага абследавання, даўнасць якога адпавядае патрабаванням нарматыўных прававых актаў.

Што да пераліку забароненых да продажу тавараў, то прынятым дакументам здымаецца забарона на рэалізацыю на гандлёвых месцах рынкаў вырабленых фізічнымі асобамі кандытарскіх вырабаў і гатовай кулінарнай прадукцыі, у тым ліку герметычна ўпакаваных кансерваваных прадуктаў дамашняга вырабу.

Пры гэтым захоўваецца забарона на рэалізацыю фізічнымі асобамі кішачнай сыравіны, крыві, вяленага і сыравяленага мяса, сечаных мясных паўфабрыкатаў і іншых вырабаў з мяса, не даведзеных да кулінарнай гатоўнасці.

Разам з гэтым, у мэтах рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі, скіраванай на прадухіленне прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці, абарону грамадскай маралі, фармаванне здаровага спосабу жыцця людзей, устаноўленая забарона на продаж на гандлёвых месцах эратычнай прадукцыі, прадукцыі, якая змяшчае элементы эротыкі, насілля і жорсткасці, па сексуальнай адукацыі і палавым выхаванні, сексуальнага прызначэння.   БелаПАН