За год чысты прыбытак беларускіх арганізацый скараціўся больш як на 40%
Згодна са звесткамі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, колькасць стратных арганізацый у студзені—красавіку гэтага года ў параўнанні са студзенем—красавіком 2017-га знізілася з 1.545 да 1.470, або на 4,9%, іх удзельная вага — з 21,8 да 20,7%.
Чысты прыбытак арганізацый на 1 мая склаў 1 млрд 923,2 млн рублёў, што на 43,3% менш, чым у студзені—красавіку 2017 года. Прыбытак да падаткаабкладання склаў 2 млрд 673,2 млн (на 34,7% менш).
Прыбытак ад рэалізацыі вырас на 15,9% да 5 млрд 101,5 млн рублёў. Рэнтабельнасць продажу і рэалізаванай прадукцыі склала 7,4 і 9,2% адпаведна (за аналагічны леташні перыяд — 7,5 і 9,4%).
Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг арганізацый краіны ў наяўных цэнах склала 68 млрд 992,3 млн рублёў, або на 17,7% больш, чым у студзені—красавіку 2017 года.
Пры гэтым сабекошт рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работ, паслуг у студзені—красавіку 2018-га ў параўнанні са студзенем—красавіком 2017 года павялічыўся на 18% да 47 млрд 58,1 млн рублёў.
Істотнае зніжэнне чыстага прыбытку беларускіх арганізацый звязанае са спісаннем курсавых розніцаў, лічыць кандыдат эканамічных навук Вячаслаў Ярашэвіч. „Мне здаецца, што асноўнай прычынай зніжэння прыбытку з`яўляецца спісанне курсавых розніцаў. Паводле заканадаўства гэта не абавязкова можна рабіць у справаздачным перыядзе, а пераносіць яго на працягу года. Эканоміка павольна, але аднаўляецца. І арганізацыі бачаць неабходнасць зрабіць спісанне зараз, а не ў наступны перыяд”, — растлумачыў БелаПАН эксперт.
Каментуючы павольнае зніжэнне колькасці стратных прадпрыемстваў, ён выказаў меркаванне, што асноўная іх маса — гэта сельгаспрадпрыемствы. „Скараціць іх колькасць хутка даволі праблематычна. Акрамя таго, трэба разумець, што ў нас было два гады рэцэсіі, назапасілася шмат праблем. Адных толькі іскаў аб банкруцтве летась было ўдвая больш, чым пазамінулы год”, — сказаў Ярашэвіч.
Фота mspring.online