Еўрапейскія журналісцкія арганізацыі – у падтрымку віцебскіх калегаў
Еўрапейская федэрацыя журналістаў і яе сябра – “Беларуская асацыяцыя журналістаў” зрабілі сумесную заяву, у якой назвалі абсурднымі выстаўленыя віцебскім калегам абвінавачанні. Група віцебскіх сябраў “БАЖ” сфатаграфавалася на фоне будынка з вядомым гарадскім графіці – выявамі клетак, з якіх вылятаюць зробленыя з газеты птушкі. Цяпер удзельнікаў фотасесіі выклікаюць у Чыгуначны РАУС Віцебска, складаюць пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і збіраюцца судзіць. Прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі заклікае праваахоўнікаў спыніць неабгрунтаваны пераслед журналістаў.
– На наш погляд вось гэтае фатаграфаванне, якое было знакам салідарнасці з журналісцкай супольнасцю, нельга назваць масавай акцыяй, а тым больш падвярстаць пад адміністрацыйны кодэкс. Людзі выйшлі, сфатаграфаваліся, ніякіх палітычных лозунгаў, заяваў, сцягоў яны не трымалі і не выказвалі сваіх поглядаў. Таму мы лічым, што ніякай вулічнай акцыі не было, ні апазіцыйнай, ні якой-кольвек іншай, і просім структуры, ад якіх залежыць рашэнне, спыніць гэтыя адміністрацыйныя працэсы.
Сёння тэкст адкрытага ліста будзе адпраўлены ва Упраўленне ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама і ў аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі АУС Чыгуначнага раёна Віцебска, паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя