Беларусь да 2025 года павінна выплаціць 23,5 млрд долараў дзярждоўгу



Беларусь у 2019—2025 гадах плануе накіраваць на абслугоўванне і пагашэнне знешняга і ўнутранага дзяржаўнага доўгу 23,46 млрд долараў. Як стала вядома БелаПАН, такія дадзеныя Мінфіна прыводзяцца ў праспекце эмісіі еўрабондаў, якія беларускія ўлады размяшчалі ў першым квартале.

Выплаты па знешнім дзяржаўным доўгу павінны скласці 19,1 млрд долараў, па ўнутраным — 4,36 млрд.

Пры гэтым у 2019—2023 гадах плацяжы па дзярждоўгу складуць 18,5 млрд долараў: у 2019 годзе — 3,6 млрд, у 2020-м — 3,78, у 2021-м — 3,54, у 2022-м — 3,6, у 2023-м — амаль 4 млрд долараў.

У 2024—2025 гадах, як чакаецца, плацяжы па ўнутраным і знешнім дзярждоўгу знізяцца да 2,59 і 2,36 млрд долараў адпаведна.

„Зыходзячы з усіх параметраў, можна сказаць, што дзярждоўг з’яўляецца устойлівым, але пры гэтым ён выступае вельмі значным цяжарам для краіны з пункту гледжання штогадовай нагрузкі па абслугоўванні і пагашэнні дзярждоўгу. Мы ацэньваем ў сярэднетэрміновай перспектыве штогадовыя плацяжы па дзярждоўгу на ўзроўні 3,5 млрд долараў — гэта вялікая сума для эканомікі краіны”, — падкрэсліваў раней першы намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч, адказваючы на пытанні журналістаў.

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу перад эканамічнымі ўладамі вырашыць даўгавую праблему. „Галоўны выклік, з якім трэба справіцца ўраду і Нацбанку ў найбліжэйшыя гады, — „перарасці” даўгавую нагрузку і выйсці ў зону бяспекі. Будучым пакаленням мы павінны пакінуць Беларусь без даўгоў”, — заявіў афіцыйны лідар, выступаючы ў красавіку са штогадовым пасланнем да народа і парламента.

Паводле дадзеных Мінфіна, у 2018 годзе на пагашэнне і абслугоўванне дзярждоўгу будзе накіравана 3,6 млрд долараў, у тым ліку 2,4 млрд долараў з недаўгавых крыніц.

belapan.by