З прыцэлам на перспектыву



Лунінецкі фермер Уладзімір Навіцкі яшчэ ў 2014 годзе ўваходзіў у ТОП-50 бізнесменаў Берасцейшчыны па версіі часопіса „Штодзённік”. Жыхары Лунінеччыны парознаму ставяцца да яго. Адныя кажуць, што фермерская гаспадарка „Навіцкіх” дае сталую працу і спраўна сплочвае падаткі, другія ж зайздросцяць поспеху і збіраюць чуткі пра яе. „Пачынаў я яшчэ ў 2001 годзе, калі займаўся продажам польскіх яблыкаў”, – пачынае свой расповед фермер.

Крыху падзарабіў грошай, купілі ужываны трактар. Пачатак быў сціплы. Арганізавалі фермерскую гаспадарку, узяўшы 50 гектараў, якія засадзілі морквай і бульбай. У той год ледзь вярнулі ўкладзеныя грошы. Ніякага прафесіяналізму не было, ніхто не паглыбляўся ў тэхналагічны аспект. Таму на наступны год я паехаў у Польшчу і пачаў гаварыць з палякамі. Браў пад увагу 5 чалавек, з іх у трох – заўсёды супадала. Гэта я і браў за аснову.

РР: Гэта былі фермеры, якія спецыялізуюцца на вырошчванні морквы?

Не, не толькі. Таксама, як працаваць з канкрэтнай культурай, гаварыў з іншымі спецыялістамі. У Польшчы купіў агрэгаты, атрымаў парады, якія пасля пачаў укараняць на сваіх палях. Пазней, праз год ці два, мы яшчэ 50 гектараў атрымалі – у выніку мелі 100. Пасля гэта, канешне, быў рэзультат. Мы перайшлі дзякуючы палякам на іншае насенне, і вынік быў каласальны – мы гадоў пяць былі лідарамі на Міжлессі. Але мы яшчэ не мелі вялікіх аб’ёмаў. Мы разумелі, што трэба свой тавар вывозіць, таму паставілі планы купіць уласную тэхніку. Хацелі ўсё, што тычыцца нашага бізнесу, закрываць самім: мы вырошчваем, мы сеем, мы захоўваем, мы перапрацоўваем, мы вывозім. Усё прывязана на аднаго.

РР: Вы першапачаткова свой тавар збіраліся прадаваць у Беларусі ці адразу ўсведамлялі, што будзеце адпраўляць яго на экспарт і рыхтаваліся да гэтага?

Калі мы прадаём у Беларусі, то перакладаем грошы з кішэні ў кішэнь. Калі прадаём за межы краіны – мы багацеем. А калі закупаем – мы бяднеем з кожным днём, таму гэтага рабіць нельга. Трэба максімальна быць загружанымі тут. І павінны быць зроблены ўсе магчымыя паслабленні. Прырода пустых месцаў не любіць, яны зарастаюць. Калі нас няма на расейскім, сусветным рынку, значыць прыходзяць кітайцы, галандцы, немцы ці хтосьці іншы. Месца не бывае пустым.

РР: Значыць Вашу моркву нельга знайсці ў беларускіх гандлёвых сетках?

Я не прадаю там нават 1 кг. Я паспрабаваў, і было вельмі шмат праблем. Затое ў Лунінцы маю моркву можна купіць, колькі хочаце.

РР: Акрамя Расеі, куды яшчэ Вы экспартуеце сваю гародніну?

– Толькі Расея. Калі хоча ўзяць у нас Малдова ці Украіны – калі ласка. Але яны не зацікаўлены.

РР: Колькі чалавек працуе на Вашай фермерскай гаспадарцы?

– Дзесьці каля 80-90 чалавек.

РР: А ці Вы дадаткова ў разгар сезону наймаеце людзей?

У нас усё даўно механізавана. Гадоў 5 як. Таму няма такой патрэбы.

Уладзімір Навіцкі бачыць сакрэт поспеху ў тым што чалавек мусіць знаходзіцца на сваім месцы, знайсці тую самую справу ўсяго жыцця. Таксама для таго, каб быць паспяховым, ён абавязкова спіць 8 гадзін у дзень, не курыць, займаецца бегам і ходзіць у трэнажорную залу. На пытанне пра ТОП-50 адказвае, што „не цікавіцца нейкімі рэйтынгамі”.

Сустрэча фермера з прадстаўнікамі СМІ адбылася дзякуючы Лунінецкай раённай філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Лунінец

Фота аўтара