Марына Лобава: Наведала сына, ён чакае вызвалення



Марына Лобава, маці маладафронтаўца Эдуарда Лобава, які адбывае пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі, 25 лістапада мела кароткае спатканне з сынам. Спатканне працягвалася каля 2 гадзінаў. Размова ішла праз шкло па тэлефоне. Тэрмін зняволення Эдуарда Лобава набліжаецца да сканчэння. Ён павінен выйсці на волю ўжо 18 снежня гэтага году.

– Я была на кароткатэрміновым чарговым спатканні ў Эдуарда. Чакае вызвалення, бо ўжо засталося менш месяца. Асабліва не гаварыць пра тое, што ў яго адбываецца. Сказаў, што ўсё нармальна. Я спытала ў яго: ці не прастыў ён? Бо ўжо наступілі халады. Кажа, што здаровы, усё нармальна. Выглядае нармальна, як гэта можа быць у турме… Кожны дзень выходзіць на нейкія работы.

Эдуард Лобаў быў асуджаны на 4 года зняволення па артыкуле аб асабліва злосным хуліганстве. Разам з ім 2 гады зняволення атрымаў лідар Маладога Фронту Зміцер Дашкевіч. Па меркаванню праваабаронцаў, крымінальная справа была сфабрыкавана на падставе правакацыі спецслужбаў. Падчас суду віна маладафронтаўцаў у бойцы з двума грамадзянамі не была даказана. Па сведчаннях некаторых удзельнікаў працэсу, наадварот, Лобаў і Дашкевіч падвергліся нападу і былі збіты асобамі, якія потым апынуліся пацярпелымі.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя