У Гомелі „Беларусам быць модна”



Мода на беларускую культуру ахоплівае ўсё больш сфераў жыцця беларусаў. Вышымайкі – прынты з беларускімі арнаментамі – разыходзяцца сярод моладзі як гарачыя піражкі. Маладыя беларусы часта карыстаюцца мовай у сацыяльных сетках. На вуліцах гарадоў стаяць білборды з заклікам карыстацца беларускай мовай. Для аматараў гламурнага адпачынку таксама з’явілася прапанова. Папулярны ў Гомелі начны клуб „Еўропа” прапаноўвае тэматычную вечарыну „Быць беларусам модна”.

Намеснік дырэктара забаўляльнага цэнтра Наталля Лебедзева раскрывае некаторыя таямніцы імпрэзы:

– Рэзідэнты нашай установы намагаюцца напісаць сваю музыку, выкарыстоўваючы класічныя беларускія творы, каб гэта ўсё ж было ў фармаце начнога клуба. Няхай кампазіцый будзе не вельмі шмат, але на момант выхаду нашай арт-групы з гадзіны да трэцяй хопіць. Цяпер танцоры рыхтуюць сабе строі ў беларускай стылістыцы. Будзе цікава аформлена фотазона, наш шэф-кухар пачастуе ўсіх беларускім караваем, таксама прадэманструем калекцыю беларускіх строяў у васільковых танах.

Кіраўнік абласной філіі „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” Яўген Якавенка лічыць выкарыстанне мовы ў рэкламе вельмі эфектыўным спосабам прыцягнення ўвагі.

Яўген Якавенка:

– Беларуская мова – гэта проста магчымасць быць адметным. Таму вось гэтая вечарына “Беларусам быць модна” – гэта спосаб лішні раз прыцягнуць да сябе ўвагу, гэта гарантыя таго, што да мерапрыемства будзе прыцягнута ўвага большай колькасці СМІ, гэта гарантыя таго, што пра падзею будуць размаўляць, магчыма, прыйдзе новая аўдыторыя.

Гомельскія бізнэсоўцы часам выкарыстоўваюць рэкламны патэнцыял беларускай мовы. Год таму кампанія „Славія” нават прапаноўвала зніжкі на мэблю для беларускамоўных кліентаў.беларусам-быць

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель