Пра бронепрабегі нянавісці



На нашых вуліцах – бронетэхніка. У Оршы з дазволу мясцовых уладаў і пры максімальным садзейнічанні міліцыі прайшло сумнеўнае мерапрыемства пад назвай бронепрабег “Дарогай мужнасці”. Калона вайсковай тэхнікі розных перыядаў (ад 1930-х гадоў мінулага стагоддзя да больш сучасных узораў) пад дзяржаўнымі сцягамі Беларусі, РФ і Казахстана нагадвала грамадзянам пра галоўную падзею савецкага наратыву. Дакладней, пра набліжэнне гадавіны пачатку самай крывавай вайны ў гісторыі чалавецтва. Але арганізатары бронепрабега, калі паглядзець фотарэпартажы і відэа з акцыі, менш за ўсё былі скіраваныя на тое, каб гаварыць пра ахвяры. На адухоўленых тварах удзельнікаў прабегу яўна адбіваецца фраза: “Можам паўтарыць”. Зрэшты, якія там мільёны загінулых цывільных і замардаваных вайсковапалонных, калі надарылася магчымасць прымерыць “дзедавы” галіфэ і прычапіць на гімнасцёрку бірулькі з чырвонай зоркай… На гэтым мерапрыемстве, калі паглядзець уважліва, было дастаткова шмат аршанскай моладзі. Якую выснову маладзёны зробяць па наведванні “Дарогі мужнасці”, здагадацца дастаткова лёгка. “Вайна – гэта забаўка. Вайна – гэта крута”, — падумае падлетак, які паглядзіць на бліскучыя БТР-ы і навюткія паўвайсковыя джыпы.

Паглядзіш на падобныя бронепрабегі, і адразу згадваецца трапнае слова “перамогашальства”. У сваёй Нобелеўскай лекцыі Святлана Алексіевіч зазначыла: “Я жыла ў краіне, дзе нас з дзяцінства вучылі паміраць. Вучылі смерці. Нам казалі, што чалавек існуе, каб аддаць сябе, каб згарэць, каб ахвяраваць сабой. Вучылі любіць чалавека са стрэльбай”. СССР няма чвэрць стагоддзя, а маладых беларусаў дагэтуль вучаць любіць чалавека на БТР-ы і са стрэльбай у руках.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ