Дзеці і іх правы…



Правы чалавека і правы дзіцяці – фраза гучыць трохі пафасна, а што за ёй хаваецца насамрэч? Парачка гісторый сучаснай Беларусі.

Гісторыя шматдзетнай сям’і з Радашковічаў, у якой забралі дзевяць дзяцей, атрымала свой працяг. Яшчэ ўвесну сітуацыя горача абмяркоўвалася ў сацыяльных сетках і не толькі… Старэйшы сын распавёў у школе пра пабоі, якія ўжываліся ў сям’і вернікаў з выхаваўчымі мэтамі. Актыўная грамадскасць старанна спрабавала зразумець, білі дзяцей у сям’і або не. Разважала пра межы дазволенага. Сацыяльныя службы перастрахаваліся – і ўсіх дзевяцярых дзяцей з сям’і забралі. Нават немаўлятка.

Тут ужо пачалі абурацца многія бацькі і казаць пра тое, што дзяржава злоўжывае сваімі паўнамоцтвамі. Злоўжывае ці не? Шматдзетная маці сваю віну адмаўляла. Што маем цяпер? Суд Маладзечанскага раёна аштрафаваў маці з Радашковічаў за тое, што біла дзягай старэйшых дзяцей. Цяпер яна павінна выплаціць штраф у 15 базавых велічыняў (360 рублёў 50 капеек). Жанчына сваю віну прызнала, зазначыўшы, што не ведала пра закон, “які забараняе біць дзяцей”. У жніўні камісія па справах непаўналетніх павінна вырашыць, ці вернуцца дзеці да бацькоў… Тата з мамай у сваю чаргу абяцаюць змяніць метады выхавання. Хіба КК пачытаюць?

Сітуацыя дзіўная. Не менш дзіўная гісторыя здарылася ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці. Тут трое дзяцей пашкодзілі аўтобусны прыпынак і могуць трапіць у калонію на шэсць год, а іх сем’і – у сацыяльна небяспечнае становішча. Уладальнік прыпынку ў сваю чаргу матэрыяльных прэтэнзій да “злачынцаў” не мае: іх бацькі рамонт зрабілі.

Дзіўныя рэчы ў свеце адбываюцца. І калі гаварыць пра правы чалавека, то варта пачаць з абароны правоў дзіцяці, а то атрымліваецца бясконцы рух па коле – прыгожыя словы і нічога больш.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ