КДК: Затрыманы блогер Манько пабудаваў фінансавую піраміду



Мазырскія праваахоўнікі спынілі незаконную дзейнасць фінансавай піраміды.

Як паведамляе Камітэт дзяржкантролю, жыхар Калінкавічаў, вядомы па сваёй блогерскай дзейнасці на відэахостынгу YouTube, у 2015 годзе разам з некалькімі грамадзянамі Беларусі і Расеі арганізаваў дзейнасць незарэгістраванай сацыяльнай фінансавай сеткі „Элеўрус”.

Гаворка ідзе пра блогера Віталя Манько, які 4 чэрвеня быў затрыманы супрацоўнікамі УДФР КДК і змешчаны ў ІЧУ, затым — у СІЗА. У доме блогера прайшоў вобыск, супрацоўнікі УДФР канфіскавалі камп’ютары, тэлефоны, носьбіты інфармацыі. „Яны ўварваліся да нас, пералезлі праз плот, я паспела зачыніць дзверы. Яны пагражалі выклікаць МНС і ўзламаць дзверы”, — расказала БелаПАН у той дзень жонка затрыманага Валянціна Манько.

У сям’і выхоўваецца шэсць дзяцей, малодшаму два месяцы.

Блогер часта крытыкаваў на сваім канале ў YouTube дзеянні мясцовых уладаў, у тым ліку падаткавікоў.

Паводле інфармацыі КДК, арганізатары фінансавай піраміды ўводзілі ў зман грамадзян, пераконваючы іх у перспектыўнасці ўкладання грашовых сродкаў (у тым ліку электронных грошай) і абяцаючы укладчыкам гарантаваны высокі даход (да 365% гадавых) на працягу доўгага часу. Большасць удзельнікаў „Элеўруса” не толькі ўкладвалі ў піраміду свае грошы, але і актыўна прыцягвалі іншых грамадзян, бо ад гэтага залежаў памер іх даходу.

Кіраўнікі фінансавай сеткі распрацавалі сістэму ўзнагароды ўдзельнікаў за прыцягненне ўкладчыкаў, для актыўнай рэкламы задзейнічалі сацыяльныя сеткі і відэахостынг YouTube. Кіраўнік „Элеўруса” праводзіў нямала сустрэч з дзейнымі і патэнцыяльнымі ўдзельнікамі фінансавай піраміды (інфармацыйныя прэзентацыі праходзілі ў Менску, Маладэчне, Берасці, Пінску, Баранавічах, Жлобіне, Мазыры, Калінкавічах і іншых гарадах). У сваіх выступленнях ён рабіў акцэнт на добрых намерах (нібыта гэта фонд узаемадапамогі, створаны для аказання падтрымкі дзецям, пенсіянерам), а таксама абяцаў, што ўклады будуць інвеставацца ў розныя праекты, якія павінны прыносіць дадатковы даход у перспектыве.

„Пра тое, што даход укладчыкаў фарміруецца толькі за кошт прыцягнення грашовых сродкаў ад новых людзей, арганізатары і менеджары фінансавай сеткі, безумоўна, замоўчвалі. Грошы ўкладчыкаў перакладаліся на рахункі, адкрытыя ў беларускіх банках на менеджараў „Элеўруса” (так званых захавальнікаў), якія у сваю чаргу пераразмяркоўвалі сродкі паводле ўсталяваных правіл удзелу”, — інфармуе ведамства.

У выніку злачыннай дзейнасці арганізатар і актыўныя члены фінансавай сеткі атрымалі даход у памеры большым за 400 тысяч рублёў.

Распачата справа па ч. 3 арт. 233 Крымінальнага кодэкса (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць, якая ажыццяўляецца арганізаванай групай).

БелаПАН