Пра бізнес і добрых хлопцаў



Быць добрым хлопцам не так ужо стратна. Гэта прыносіць не толькі маральнае задавальненне, душэўны спакой, але і пазітыўныя іміджавыя наступствы. Гэта зразумеў адзін вядомы бізнесовец, імя якога да нядаўняга часу асацыявалася з непрыгожым скандалам. Паспяховы ІТ-дзялок Віктар Пракапеня яшчэ нядаўна спрабаваў рэалізаваць права на “лічбавае забыццё”. Ягоныя прадстаўнікі абышлі з дзясятак рэдакцый незалежных СМІ і нават прэс-службу Следчага Камітэта з тым, каб у публікацыях зніклі некаторыя факты з біяграфіі шэфа. Гэты скандал, у які ўляпаліся дэмакратычныя СМІ, атрымаў назву Prakapenyagate. Жаданні Віктара Пракапені выкрасліць нязручную для яго інфармацыю з Інтэрнэта далі адваротны эфект. Што праўда, ад ягоных дзеянняў пацярпеў не толькі ён сам, але і рэпутацыя многіх СМІ, бо давер чытача – галоўны рэсурс для журналіста.

І вось праз некалькі месяцаў пасля Prakapenyagate фігурант гэтага скандалу раптам з’явіўся на старонках шматлікіх СМІ ўжо ў адназначна пазітыўным вобразе. Ён рашуча асудзіў будаўніцтва і дзейнасць сумнавядомай рэстарацыі ля Курапатаў. І выказаўся ад імя ІТ-супольнасці ў рэчышчы “ніводзін айцішнік туды есці не пойдзе”. Пасля гэтага нават ягоныя ўпартыя апаненты раптам палагаднелі, сэрцы іх змякчэлі. І гэта прадказальна, бо спадар Пракапеня заняў тут белы бок супрацьстаяння. А такія ўчынкі грамадства любіць. Карацей, быць добрым хлопцам не так ужо кепска. Каб гэтую ісціну зразумелі ўласнікі рэстарацыі “Паедзем Паямо”, дык цаны б ім не было. І іх інвестыцыі адбіліся б, і спалося б лепш. Але яны ўпарта працягваюць сваю пройгрышную лінію, не разумеюць, што пры любым фінале супрацьстаяння справы іх наўрад ці будуць такімі ж добрымі, як раней.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ