У Гомелі судзяць дворніка, які скінуў з 12-га паверха сабаку



У Гомелі пачатая крымінальная справа ў дачыненні да дворніка, які скінуў сабаку з 12-га паверха.

Інцыдэнт здарыўся 18 чэрвеня на вуліцы Ільіча абласнога цэнтра. Вечарам мясцовыя жыхары знайшлі мёртвага сабаку з прыкметамі падзення з вышыні. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку і міліцыі грамадскай бяспекі Навабеліцкага РАУС Гомеля правялі комплекс аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў і затрымалі 41-гадовага дворніка паліклінікі, паведамляе УУС Гомельскага аблвыканкама. Раней мужчына прыцягваўся да адказнасці за знаходжанне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення.

„Падчас апытання дворнік прызнаўся, што ў пад’ездзе яму сустрэўся дварняк, якога ён падабраў на рукі і чамусьці падняў на 12-ты паверх дома. На балконе агульнага карыстання, паводле яго слоў, сабака выпадкова выпаў з яго рук”, — расказаў афіцыйны прадстаўнік УУС Ігар Грышкевіч.

У дачыненні да падазронага распачатая справа на падставе часткі 1 артыкула 339/1 КК па факце жорсткага абыходжання з жывёлай, якое пацягнула яе гібель. Праводзіцца расследаванне.

belapan.by