МЗС: Перамовы з ЕЗ аб спрашчэнні візавых працэдур зацягнуліся



Перамовы з Еўразвязам аб спрашчэнні візавых працэдур зацягнуліся, заявіў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.

Паводле яго слоў, Беларусь не першы год вядзе працу па заключэнні пагаднення аб спрашчэнні візавых працэдур з ЕЗ. Праектам дакумента прадугледжваецца зніжэнне кошту шэнгенскіх віз з 60 да 35 еўра, выдача бясплатных віз асобным катэгорыям грамадзян (удзельнікам культурных, навуковых, гуманітарных праграм) і ў цэлым спрошчаны парадак падачы дакументаў.

„Аднак перамоўны працэс сапраўды зацягнуўся, — лічыць прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства. — Нашы партнёры выказалі шэраг патрабаванняў, якіх няма ў аналагічных пагадненнях ЕЗ, напрыклад, з Арменіяй або Азербайджанам. У прыватнасці, пра неабходнасць падачы дакументаў выключна праз візавыя цэнтры, што, вядома, прывядзе да падаражання візавых працэдур”.

„Такія ўмовы ў значнай ступені палітызуюць пытанні ўзаемных паездак і ставяць нашых грамадзян у няроўныя ўмовы, таму нам складана з імі пагадзіцца. Маем намер працягваць працу з партнёрамі з ЕЗ з мэтай выпрацоўкі палажэнняў, што не дыскрымінуюць нашу краіну, і заключэння дагавора на камфортных для грамадзян Беларусі ўмовах”, — заявіў прэс-сакратар.

Паводле яго слоў, тэрміны правядзення чарговых кансультацый па праекце ўзгадняюцца.

Глаз таксама адзначыў, што рашэнне паслоў краін — членаў ЕЗ аб пачатку перамоваў з Еўрапарламентам па карэкціроўцы Візавага кодэкса з’яўляецца часткова чарговым этапам працэсу ўзмацнення яго строгасці. „Напрыклад, сярод прапанаваных змяненняў плануецца ўсталяваць перыяд падачы візавых заявак не пазней, чым за 15 дзён да паездкі. Могуць быць уведзеныя агульныя патрабаванні да выдачы шматразовых віз тэрмінам дзеяння ад 1 да 5 гадоў для пастаянных заяўнікаў. Праўда і тое, што консульскі збор можа павялічыцца да 80 еўра. Будуць і іншыя змены”, — адзначыў прэс-сакратар.

„Безумоўна, — працягнуў ён, — карэкціроўка ўласных візавых правілаў — унутраная справа Еўразвяза. Аднак гэтая ініцыятыва ЕЗ непасрэдна адаб’ецца і на нашых грамадзянах, якія жадаюць наведаць краіны шэнгенскай зоны. Мяркуючы па некаторых падыходах, такі варыянт развіцця падзей нашы партнёры не выключаюць, таму да яго трэба быць гатовымі”.

„Мы жа паслядоўна і на справе выступаем за спрашчэнне ўзаемных паездак. Дастаткова адзначыць наша аднабаковае рашэнне аб увядзенні пяцідзённага бязвізавага рэжыму для грамадзян краін Еўрасаюза”, — падкрэсліў прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства.

Каментар Анатоля Глаза з’явіўся пасля звароту партала onliner.by з пытаннем: „Якім чынам закране грамадзян Беларусі нядаўняе рашэнне паслоў краін — членаў ЕЗ аб пачатку перамоваў з Еўрапарламентам па карэкціроўцы Візавага кодэкса?”

belapan.by