Алесь Мазанік правёў у Глыбокім віктарыну “Імбрыкі і імбрычкі”
“Імбрыкі і імбрычкі” – нацыянальную камандную віктарыну правёў у Глыбокім уладальнік інтэрнэт-крамы imbryk.by і кіраўнік культурніцкіх праектаў Алесь Мазанік. Яна была арганізаваная для наведвальнікаў курсаў “Мова нанова”. Гульня складалася з сямі тураў на розную тэматыку, ад беларускай гісторыі, паэзіі, музыкі да лагічных задачак і цікавостак.
Па словах Алеся Мазаніка, гэтая гульня мае на мэце падвысіць узровень ведаў беларускай мовы, гісторыі ды культуры.
– Цудоўна, што ёсць месцы, дзе збіраюцца заангажаваныя беларушчынай людзі, якія хочуць вучыць мову, хочуць размаўляць. І мне вельмі радасна бачыць тых, хто знайшоў час і жаданне прыйсці, сустрэцца, нешта паглядзець, нешта даведацца. Каманда пераможцаў была на належным узроўні. Я чарговы раз пераканаўся ў тым, што з людзьмі трэба працаваць, і гэта рабіць трэба ўвесь час, а не раз у некалькі гадоў.
Паводле стваральніка віктарыны Алеся Мазаніка, гульня нясе ў сабе пасыл не стаяць на месцы, а развівацца, пазнаваць і ствараць беларускую культуру, каб не быць імбрыкам (чайнікам).
Глыбокае стаў адзінаццатым горадам, у якім прайшла гульня “Імбрыкі і імбрычкі”.
[Not a valid template]
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае
Фота аўтаркі