Лужыне ў Паўночным мікрараёне ў Баранавічах – 40 гадоў



Жыхары Паўночнага мікрараёна ў Баранавічах у гэтым годзе адсвяткуюць 40-гадовы юбілей вялікай лужыны ў іх мікрараёне. Калі гарадское начальства не парупіцца, каб ганебнага юбілею не было.

Усе 40 гадоў людзі змагаліся за рамонт гэтага ўчастка дарогі. У савецкія гады нават у часопіс “Кракадзіл” звярталіся. Але і да крытыкі ў “Кракадзіле” чыноўнікі заставаліся раўнадушнымі.

Лужына мае “вялікія заслугі”: у дрэннае надвор’е аўтобус не даходзіць да канцовага прыпынку і псуецца чыгунка, сумна жартуе спадар Мікалай Чарнавус:

Калі мы 40 гадоў таму засяліліся сюды, дарожнікамі было зроблена галавацяпства: не зрабілі адводу ліўневых вод. І пасля кожнай зімы і кожнага дажджу вызываецца машына з вадаканала, якая збірае гэтую ваду. А калі не паспяваюць гэтага зрабіць – прабіваюць бардзюр і спускаюць пад чыгунку Ліда-Баранавічы, такім чынам псуючы чыгунку.

Паводле Мікалая Чарнавуса, зараз ідзе збор подпісаў пад зваротам да абласнога дэпутата Васіля Сухаверхага, каб дапамог нарэшце вырашыць гэтае пытанне. Інакш будзе першым госцем на банкеце ў гонар лужыны.

Беларускае Радыё Рацыя, Баранавічы

Фота intex-press.by