Лукашэнка: Сярэдні заробак у сельскай гаспадарцы неабходна давесці да тысячы рублёў



Сярэднюю зарплату ў сельскай гаспадарцы за два гады неабходна давесці да тысячы рублёў, заявіў Аляксандр Лукашэнка 22 чэрвеня на нарадзе ў Шклоўскім раёне.

„Думаю, што ў наступным годзе перад губернатарамі будзе стаяць задача — яны перш за ўсё за сяло адказваюць — не 600, а 800 рублёў сярэднй зарплаты ў аграсектары. І вы да гэтага рыхтуйцеся. Гэта не значыць, што ўсім, а тым, хто працуе. Праз пару гадоў мы павінны да той жа 1 тысячы рублёў сярэдняй зарплаты падысці і ў сельскай гаспадарцы”, — цытуе Лукашэнку інфармагенцтва БелТА.

„Як бы ні было складана, нам ад гэтага нікуды не падзецца, і лепшыя гаспадаркі гэта ўжо забяспечылі. А чаму іншыя не могуць? Могуць! Толькі трэба рабіць усё правільна. Трэба тэхналагічна правільна рабіць і захоўваць дысцыпліну — ад работніка да кіраўніка гаспадаркі”, — дадаў ён.

Адзначым, што за апошнія два гады Лукашэнка неаднаразова патрабаваў дасягнення сярэдняй заработнай платы ў краіне ў эквіваленце 500 долараў (каля 1 тысячы рублёў). У прыватнасці, ён даручаў дасягнуць гэтага паказчыка па выніках 2017 года, і сярэдні заробак у снежні склаў 995,3 рубля. На нарадзе з урадам 2 сакавіка кіраўнік дзяржавы паўтарыў свае патрабаванні, аднак заявіў: „Я ведаю, што стаіць за гістарычна нізкім узроўнем інфляцыі і амаль тысячай рублёў у снежні. Вы ж літаральна выціснулі з прадпрыемстваў гэтую сярэднюю тысячу ў канцы года. Але дзве траціны насельніцтва практычна гэтай зарплаты не бачылі. У паловы — ніжэй за шэсцьсот пяцьдзясят рублёў. А 10% насельніцтва краіны змаглі зарабіць не больш за трыста рублёў. Гэта жыхары ў раёнах, дзе альтэрнатывы ў плане працаўладкавання няма”.

Паводле звестак Белстата, у красавіку сярэдняя заработная плата ў Беларусі знізілася ў параўнанні з сакавіком на 0,6% і склала 921 рубель. У сельскай, лясной і рыбнай гаспадарцы сярэдняя зарплата ў красавіку вырасла ў параўнанні з сакавіком на 7%, у параўнанні з красавіком мінулага года — на 23,8% да 673,2 рубля.

belapan.by

Фота БелТА