Былую завуч звольнілі з-за сфабрыкаваных парушэнняў



Былая завуч Раснянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна Ала Клімовіч не змагла абараніць у раённых судах свае законныя правы і інтарэсы.  Новая дырэктарка школы адмовіла ёй, як настаўніцы матэматыкі, у магчымасці выпусціць сваіх вучняў, якіх яна вучыла з 5-х класаў. Пра гэта прасілі і бацькі.

Калектыўная дамова дазваляла ёй працаваць на пенсіі пры  адсутнасці заўвагаў на працы. Але заўвагі з’явіліся задняй датай, – кажа кіраўніца прафсаюза радыё-электроннай прамысловасці на Берасцейшчыне Зінаіда Міхнюк, якая дапамагае Але Клімовіч:

– Здарылася так, што завуч школы не ведала, што ёй рабіліся заўвагі. У суд былі прадстаўлены акты, быццам тры настаўніцы былі сведкамі таго, што яна адмовілася падпісвацца, што яна знаёмілася з гэтымі заўвагамі. Але Ала Іванаўна адказала, што яны таксама на кантракце і баяцца страціць працу, таму яны гэта засведчылі ранейшым днём.

Зінаіда Міхнюк выказвае шкадаванне, што некаторыя кіраўнікі школаў імкнуцца пазбавіцца у першую чаргу прафесійных і прыстойных настаўнікаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота newsland.com