У пінскай паэткі Марыі Кобец выйшаў новы зборнік
Беларуская паэтычная скарбонка папоўнілася новым зборнікам вершаў літаратаркі з Піншчыны Марыі Кобец. Кніга “У белым ветразі завей” выдадзена накладам больш за тысячу асобнікаў у выдавецтве „Народная асвета” і разлічана на шырокае кола чытачоў.
Сама аўтарка кажа, што зборнік падсумоўвае яе творчы шлях за апошнія дзесяць год:
– Гэта такое падагульняючае выданне, якое сабрала лепшыя творы, напісаныя мной цягам дзесяці гадоў. Гэта вершы рознай тэматыкі. Філасофская тэматыка, пейзажная лірыка, каханне, то-бок усё, што я напісала. Але, кіруючыся тым, што кніга выйшла па замове Міністэрства інфармацыі, таму я вырашыла сабраць усё лепшае і зрабіць зборнік, які будзе творча мяне прадстаўляць у самых розных накірунках.
У творчым набытку Марыі Кобец ужо ёсць паэтычныя зборнікі «Кроплі» (2011 год) і «Палыновая квецень» (2016 год), шэраг калектыўных кніг паэзіі і альманахаў.
Беларускае Радыё Рацыя