Глеб Лабадзенка стаў лаўрэатам прэміі імя Васіля Быкава (абноўлена)



Глеб Лабадзенка стаў пятнаццатым уладальнікам прэміі імя Васіля Быкава “За свабоду думкі”. Яе ўручылі яму на Ушаччыне ў Бычках, у роднай вёсцы Быкава, падчас імпрэзы па ўшанаванні памяці пісьменніка. Прэмію ўручалі папярэдні лаўрэат Зміцер Дашкевіч, краязнаўца з Шаркоўшчыны Ада Райчонак і палітык Аляксандр Мілінкевіч.

Як кажа Глеб Лабадзенка, гэта першая ўзнагарода ў яго жыцці, якую ён з вялікім гонарам павесіць на сценку і паставіць у пачэсным месцы.

Канешне, прыемна. Асабліва прыемна, што пераможцу вызначаюць лаўрэаты мінулых гадоў – гэта ўсе вельмі шанаваныя людзі, узорныя для мяне людзі, на якіх можна раўняцца. І, канешне, гэта вялікі гонар атрымаць прэмію імя аднаго з найвыбітнейшых беларусаў – Васіля Быкава.

На імпрэзе па ўшавананні памяці Васіля Быкава выступілі сябры віцебскай абласной арганізацыі “Таварыства беларускай мовы”, вядомыя паэты, літаратары, мастакі ды іншыя. Упершыню выступіў і стваральнік статуэткі прэміі “За свабоду думкі”, скульптар Віктар Копач. У якасці музыкі быў запрошаны Аляксандр Памідораў.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі

[Not a valid template]

Прэміяй імя Васіля Быкава «За свабоду думкі» ўганараваны стваральнік курсаў «Мова Нанова» Глеб Лабадзенка. Прэмія па традыцыі ўручаецца на радзіме пісьменніка, каля дома-музея ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна. 

„Лабадзенка зрабіў вялікі ўнёсак у справе захавання памяці пра вядомых беларускіх дзеячаў. Можна ўспомніць Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна, якіх ён падтрымліваў і пры іх жыцці. Ён працягвае рабіць шмат у сферы беларускай гісторыі і культуры. Як прыклад можна прывесці адкрыццё помніка Тадэвушу Касцюшку. У тое, што такі помнік з`явіцца на беларускай зямлі, мала хто верыў”, — сказаў у каментары БелаПАН старшыня руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч.

Паводле яго слоў, дзейнасць Лабадзенкі „можна ацаніць як дзейнасць цэлага Міністэрства культуры, ён робіць тое, чаго, на жаль, не робіць беларуская дзяржава”.

Прэмія імя Васіля Быкава «За свабоду думкі» ўручаецца выдатным беларусам, якія праявілі сябе ў грамадскай ці творчай дзейнасці на карысць Бацькаўшчыны.

Лаўрэатамі ў розны час станавіліся паэты Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч, пісьменнік Уладзімір Арлоў, краязнаўцы Алесь Белакоз і Ада Райчонак, мастакі Алесь Пушкін і Алесь Марачкін, літаратары і палітыкі Уладзімір Някляеў і Павел Севярынец, музыкі і выканаўцы Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч і Віктар Шалкевіч, рэжысёр Валеры Мазынскі, грамадскі дзеяч Зміцер Дашкевіч.