«Белгазпрамбанк» распачаў перадачу бібліятэкам кніг Алексіевіч па-беларуску



Бібліятэкі Віцебска і Віцебскай вобласці першымі ў Беларусі атрымалі ў падарунак 452 камплекты пяцітомнага збору твораў лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святланы Алексіевіч «Галасы Утопіі», выдадзенага з дапамогай «Белгазпрамбанка».

Урачыстая цырымонія перадачы прайшла 21 чэрвеня ў Віцебскай абласной бібліятэцы.

Выдадзены па-беларуску цыкл «Галасы Утопіі» складаецца з пяці кніг, над якімі Святлана Алексіевіч працавала сорак гадоў: «У вайны не жаночы твар», «Апошнія сведкі», «Цынкавыя хлопчыкі», «Чарнобыльская малітва» і «Час сэканд-хэнд».

Перакладалі кнігі Алексіевіч найлепшыя літаратары краіны — Уладзімір Арлоў, Сяргей Дубавец, Андрэй Хадановіч, Барыс Пятровіч, Валянцін Акудовіч.

Грошы на выданне збіралі праз краўдфандынг на платформе «Вулей». Збор стартаваў 21 лютага 2018 года і прыцягнуў 231 950 рублёў, стаўшы самым маштабным у гісторыіі беларускага краўдфандынгу, а таксама адным з найбуйнейшых у СНД.

«Белгазпрамбанк» узяў удзел у праекце і размясціў замову на друк дадатковага накладу ўнікальнага пяцітомнага выдання. Кнігі бязвыплатна перадаюцца ў фонды бібліятэк краіны, пачынаючы з Віцебскай вобласці. Усяго віцебскаму рэгіёну перададзена 452 камплекты кніг.

Збор трапіць як у гарадскія, так і вясковыя бібліятэкі.

artbelarus.by