Гераічнае ўратаванне Германіі



У суботу быў усталяваны новы рэкорд чэмпіянатаў свету – 29 сустрэч ад пачатку без нулявых нічыіх (серыя неперапыненая). Папярэдняе дасягненне фіксавалася ў далёкім 1954 годзе – 26 выніковых матчаў запар.

Бельгія дала Тунісу паказальны дармовы майстар-клас. Іспанскі коуч еўрапейскай каманды Рабэрта Марцінес выставіў на гульню склад ідэнтычны першаму матчу. Падобна і сентыментальны трэнер магрыбцаў Набіль Маалул, які праслязіўся ў час выканання гімну. Адсутнічаў толькі траўмаваны брамнік Хасэн.

Ужо да 16–й хвіліны бельгійцы двойчы засмуцілі галкіпера паўночных афрыканцаў. Спярша Эдэн Азар зарабіў і сам упэўнена рэалізаваў пенальці. А потым кангалезец з паходжання Рамелу Лукаку чарговы раз запісаў сваё імя ў летапіс размаітай бельгійскай дружыны. Пакуль бельгійцы былі ў стане эйфарыі, іх супернікі ўзорна разыгралі штрафны і скарацілі розніцу ў ліку. Галавой забіў Дзілан Брон, бацька якога француз па нацыянальнасці. Дзіравая абарона тунісцаў дала яшчэ адну трэшчыну ў самай канцоўцы першага тайма – Лукаку забіў 40-ы мяч за зборную.

У другой палове “Карфаген” разваліўся ўшчэнт, так што бельгійцы спакойна давялі справу да разгрому, а Марцінес эксперыментаваў са складам. Туніс – чарговая арабская дружына, якая фактычна страціла шанцы на выхад у плэй-оф.

Бельгія – Туніс – 5:2 (Э. Азар. 6, з пенальці, Р. Лукаку, 16, 47+, Батшуаі, 90; Брон, 18, Хазры, 93).

Матч паміж Паўночнай Карэяй і Мексікай меў зусім іншы характар. Карэйцы, цудоўна ўсведамляючы, што пры яшчэ адной няўдачы, давядзецца пакаваць валізкі, рэзонна шукалі ўдачы ля чужой брамы. Аднак бальшыню ўдараў азіятаў блакавалі абаронцы ацтэкаў, яшчэ некалькі пагрозаў ліквідаваў пільны брамнік Гільерма Ачоа. Мексіканцы таксама не драмалі і фартуна ўзяла іх бок. Пасля звычайнай атакі мяч трапіў у руку карэйцу і серб Міларад Мажыч прызначыў 11-мятровы. Пенальці бязлітасна рэалізаваў Карлас Вела.

Пасля адпачынку характар гульні не змяніўся. Карэйцы атакавалі пазіцыйна, а лідары групы арганізоўвалі талковыя контратакі. У адной з іх бліснуў майстэрствам Чычарыта – Хаўер Эрнандэс забіў 50-ы гол за сваю зборную. Рафаэль Маркес няўдалай адкідкай яшчэ хацеў падарыць карэйцам надзею, але тыя ад прэзента адмовіліся. Бомба выбухнула толькі на 92-й хвіліне – адзін з прыгажэйшых галоў турніру запісаў на свой рахунак Сон Хын Мінь.

Мексіка вельмі блізка да выхаду ў 1/8-ю фіналу – туды яна можа выйсці 7-ы раз запар (!) – зайздросная стабільнасць. У карэйцаў, як стала ведама пазней, таксама засталіся тэарэтычныя шанцы.

Паўднёвая Карэя – Мексіка – 1:2  (Сон Хын Мінь, 92; Вела, 26, з пенальці, Х. Эрнандас, 66).

Бітва Швецыі і Германіі стала сапраўдным ўпрыгожаннем першынства. Рулявы чэмпіёнаў Яўхім Лёў істотна пералапаціў тэўтонскія шыхты. Але нешта ўсё роўна буксавала ў раней бездакорным механізме бундэсманшафт. У самым пачатку перад брамай шведаў апынуўся Ёнас Хектар, але абаронцу забракла адпаведнага навыку і ён прабіў у плечы Гранквісту. Скандынавы сведама аддалі тэрыторыю германцам і джалілі суперніка вострымі выпадамі. У адным з эпізодаў гігант Антоніё Рудзігер заваліў у штрафной Маркуса Берга, але свісток рэферы прамаўчаў. А на 32-й хвіліне ляснуў сапраўдны гром – шведы разыгралі бліскучую камбінацыю і Ола Тойванен элегантна разабраўся з Рудзігерам і Мануэлем Нойерам. У канцоўцы тайма Нойер ужо ўратаваў немцаў ад яшчэ аднаго голу.

У другім тайме было столькі падзей, што яны не падлягаюць дэталёваму апісанню. “Трэ крунур” стала ахвярай сваёй празмерна баязлівай тактыкі. Ужо на 48-й хвіліне Марка Ройс удала падставіў калена пад мяч і той заляцеў у сетку. Брамнік Робін Ольсэн некалькі разоў ратаваў Швецыю, палявыя гульцы якой ніяк не маглі зачапіцца за мяч і ціснуліся да сваёй штрафной. Нават пасля справядлівага выдалення на 83-й хвіліне з-за дзвюх жоўтых картак Жэрома Баатэнга скандынавы не здолелі перагрупавацца. Выйшаўшы на замену бесталковы Дурмаз зрабіў фатальны фол, немцы разыгралі штрафны і Тоні Крос узняў на ногі ўсю Германію. Ішла 95-я хвіліна…

Германія – Швецыя – 2:1 (Ройс, 48, Крос, 95; Тойванен, 32)

Становішча ў групе “F”: 1. Мексіка – 6 ачкоў (розніца мячоў плюс 2), 2. Германія – 3 (0), 3. Швецыя – 3 (0), 4. Карэя – 0. Першая тройка ў апошнім туры размяркуе дзве пуцёўкі ў плэй-оф.   

У нядзелю будзе завершаны 2-і тур чэмпіянату. А 15-й гадзіне ў Ніжнім Ноўгарадзе пачнецца сустрэча Англіі з Панамай. Перамога брытанцаў забяспечыць ім выхад у плэй-оф, а паралельна юрыдычна выведзе туды і бельгійцаў. Варта чакаць узмацнення лініі атакі ў камандзе “трох ільвоў”. Панамцы будуць імкнуцца забіць першы гістарычны мяч на мундыялі.

А 18-й гадзіне зыдуцца лідары групы “Н” – Японія і Сенегал, якія ўжо маюць па тры заліковыя пункты. Упэўнена прагназаваць зыход міжкантынентальнага спабору не возьмецца ніхто. Вельмі імаверна, што абедзве дружыны будуць асцярожнічаць, асабліва калі не здарыцца голу ў першым тайме.

Закрыюць праграму дня ў Казані няўдачнікі першага туру – зборныя Польшчы і Калумбіі. Яшчэ адзін паядынак рознастылёвых супернікаў. На чэмпіянатах яны раней не сустракаліся, баланс жа таварыскіх сустрэч роўны – па 3 вікторыі. Ці скажуць сваё важкае слова грозныя бамбардзіры – Роберт Левандоўскі, а з іншага боку Радамель Фалькао і Хамес Радрыгес – пытанне рытарычнае.

Беларускае Радыё Рацыя