Францыя прапаноўвае Беларусі супрацу ў мясаперапрацоўцы і аўтапраме



Францыя прапануе Беларусі актывізаваць супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы і аўтамабільнай прамысловасці. Пра гэта заявіў старшыня групы дружбы „Францыя — Беларусь” Крыстоф Лежэн 25 чэрвеня ў Менску на сустрэчы са старшынём Савета Рэспублікі Міхаілам Мясніковічам.

Лежэн адзначыў, што супраца ў перапрацоўчай галіне паміж краінамі развіваецца паспяхова — у Берасцейскай вобласці працуе сумеснае прадпрыемства „Данон-Пружаны”. Аднак французскі бізнес, паводле яго слоў, выказвае цікавасць да інвеставання не толькі ў малочную, але і ў мясную вытворчасць. „Адзіны момант, над якім мы павінны папрацаваць, гэта ветэрынарны нагляд, які тычыцца жывых жывёл”, — дадаў парламентарый. Прычым гаворка ідзе ў тым ліку аб экзатычных відах мяса. „Ёсць прадпрымальнік, які займаецца вытворчасцю мяса зубра. Тыя, хто купляюць гэта мяса, вельмі задаволеныя. Гэта значыць, што сапраўды справа ідзе”, — сказаў ён.

Паводле слоў Лежэна, яшчэ адным напрамкам больш актыўнага ўзаемадзеяння можа стаць аўтамабільная прамысловасць. У прыватнасці, канцэрн „Пежо-Сітраэн” зацікаўлены ў імпарце ў Беларусь запчастак або сумеснай іх вытворчасці.

Паводле звестак Белстата, у 2017 годзе з Францыі ў беларускую эканоміку паступіла 4,7 млн долараў прамых інвестыцый, што на 17% менш за ўзровень 2016 года.

У Беларусі зарэгістравана 40 арганізацый з французскім капіталам. Найбуйнейшымі інвестарамі з’яўляюцца „Пежо-Сітраэн” (зборка аўтамабіляў на базе СП ЗАТ „Юнісон” у Барысаве), „Рэно”, Danone, Accor. Холдынг BelaFarm рэалізуе праект па вырошчванні ў Лагойскім раёне бульбы і гародніны.

БелаПАН

Фота БелТА