У Берасці затрымалі зборшчыкаў подпісаў за адстаўку мясцовых кіраўнікоў



Чарговае кармленне галубоў 24 чэрвеня на галоўнай плошчы Берасця абыйшлося без затрыманняў, хаця і пад пільным наглядам людзей у цывільным. Але ў той жа дзень былі затрыманы зборшчыкі подпісаў каля цэнтральнага рынку горада, кажа сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” Уладзімір Вялічкін:

– Некалькі чалавек пайшлі збіраць подпісы за адстаўку кіраўніцтва горада, раёна і вобласці каля цэнтральнага рынку, і чатыры чалавекі былі затрыманыя. Але затрыманыя два зборшчыкі подпісаў – Зміцер Бекалюк, Алег Яроменка, а таксама быў затрыманы блогер Сяргей Пятрухін і выпадковы мінак Зміцер Андрасюк.

Паводле Змітра Андрасюка, іх выпусцілі праз дзве з паловай гадзіны з міліцыі, склаўшы толькі пратакол апытання. Выратаваў затрыманых адказ з Палаты прадстаўнікоў, што збор подпісаў не з’яўляецца парушэннем Закону аб масавых мерапрыемствах. Хаця 6 траўня Андрасюка затрымалі пад час збору подпісаў, і на суткі змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Суд Ленінскага раёну пакараў актывіста штрафам у 20 базавых велічынь.

Беларускае Радыё Рацыя