Генсек Рады Еўропы падаў прашэнне аб памілаванні Сянцова



Генеральны сакратар Рады Еўропы Турб’ёрн Ягланд падаў афіцыйнае прашэнне да прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна пра памілаванне ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова, паведаміў „Голас Амерыкі”.

„Дакумент быў накіраваны, чакаем афіцыйнага пацверджання па дыпламатычных каналах Расеі”, – заявілі ў прэс-службе Рады Еўропы.

Ягланд меў права падаць такое прашэнне ў адпаведнасці з Еўрапейскай канвенцыяй па правах чалавека.

Напомнім, што зняволены ў расейскай калоніі ўкраінскі рэжысёр Алег Сянцоў адмовіўся прасіць Пуціна пра памілаванне. Пра гэта 22 чэрвеня паведаміў адвакат палітычнага зняволенага Дзмітрый Дынзе.

Рэжысёр быў прыгавораны ў Расейскай Федэрацыі ажно да 20 гадоў пазбаўлення волі 25 жніўня 2015 года. Расейскі суд прызнаў яго вінаватым у стварэнні ў Крыме тэрарыстычнай групоўкі і кіраўніцтве ёй, спробе набыць выбуховыя прыстасаванні і незаконным захаванні агнястрэльнай зброі і боезапасаў, дзвюх тэрарыстычных атаках і падрыхтоўцы яшчэ аднаго тэракта. Сянцоў сваёй віны на судзе не прызнаў. 14 траўня 2018 года рэжысёр абвесціў бестэрміновую галадоўку ў калоніі горада Лабытнангі. Ён патрабуе вызваліць 64 украінскіх палітзняволеных, але сябе ў гэты спіс не ўключыў.

Беларускае Радыё Рацыя