Пандусы ў нікуды



Пандусы – рэч карысная, а для кагосьці проста неабходная. Па пандусе можна заехаць у краму з дзіцячым вазком, а не цягнуць яго на спіне маці, якая нядаўна нарадзіла. Аднак часам дзіцячы вазок можна замяніць слінгам. Ці ўсё ж такі зацягнуць яго на руках: цяжка, але магчыма. Альбо папрасіць каго дапамагы занесці. А вось людзям з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі пандус – гэта не раскоша, а сродак перасоўвання. Няма пандуса – не заехаў у краму ці банк. Ці нават ва ўласны дом.

Беларускія ўлады нібыта дэкларуюць безбар’ернае асяроддзе. І ў нас амаль паўсюль ёсць пандусы. Ну, прынамсі, на паперах яны так называюцца. На практыцы пандусы ўляўляюць часцей за ўсё сумнае відовішча. Дзве наспех звараныя жалязякі, размешчаныя пад такім вуглом, што, каб па іх заехаць, патрэбны альпінісцкі рыштунак. Зразумела, для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, што такі пандус, што зусім без яго – абое рабое: заехаць па ім нават з дапамогай каго-небудзь немагчыма.

І вось у Менску знайшлі чарговы геніяльны пандус. Падаецца, і шырокі, і не круты. Можна ехаць. Але ўнізе вас чакае сюрпрыз. А калі дакладней, то тупік. З гэтага пандуса проста немагчыма выехаць. Ён проста ўпіраецца ў высокі борцік вышынёй у чалавечы рост, які потым працягваецца нейкім дахам. Гэты тупік хіба што можна пераляцець. Аднак ні пералезці, ні, тым болей, пераехаць на вазку яго немагчыма. Вось такі пандус як сімвал цяперашняй сацыяльнай палітыкі. Нібыта і дэкларуецца. А ў рэальнасці – тупік.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ