Пінскія ўлады не хочуць даць школе імя Яўгена Шатохіна
Пінскія ўлады лічаць, што вынікаў дзейнасці вядомага беларускага мастака, ўраджэнца Пінска Яўгена Шатохіна недастаткова для таго, каб надаць ягонае імя мясцовай Дзіцячай школе мастацтваў №4. Адным з заснавальнікаў і першым дырэктарам гэтай установы на працягу дзесяці год быў сам жа Шатохін.
Ініцыявала годнае ўшанаванне памяці мастака грамадскае аб’яднанне “Садружнасць Палесся”. Атрыманы адказ пракаментаваў сакратар арганізацыі Ігар Салавей:
– Адказам мы не задаволеныя, хоць і не разлічвалі на станоўчае рашэнне. Прапаноўвалі як вырыянт і ўсталяванне мемарыяльнай шыльды на будынку школы, але ўсё вырашылі без абмеркавання. На паседжанне адмысловай камісіі нас, як ініцыятараў, не запрасілі. Хто ў гэтай камісіі, наколькі прафесійная экспертная думка гэтай камісіі, невядома. Аналагічны адказ і ад Савета дэпутатаў.
Яўген Шатохін (1947-2012), як мастак, вядомы далёка за межамі краіны. Творчасць Шатохіна высока адзначана міжнароднымі і айчыннымі ўзнагародамі. Ягоныя творы захоўваюцца ў дзясятках краінаў свету. Прадстаўнікі грамадскасці мяркуюць, што адмоўнае рашэнне матывавана прынцыповай грамадзянскай пазіцыяй Шатохіна, ён з’яўляўся сябрам Сойму КХП-БНФ “Адраджэнне”.
Беларускае Радыё Рацыя