Страты беларускіх прампрадпрыемстваў павялічыліся ў тры разы
Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, колькасць стратных арганізацый прамысловасці ў студзені—красавіку 2018 года ў параўнанні са студзенем—красавіком 2017-га павялічылася з 399 да 418, або на 4,8%, а іх удзельная вага — з 24,8 да 26%.
Пры гэтым сума чыстай страты ўсіх стратных прампрадпрыемстваў за год вырасла ў 3 разы да 942,5 млн рублёў, на адну стратную арганізацыю — таксама ў 3 разы да 2 млн 254,7 тысяч рублёў.
Чысты прыбытак усіх прамысловых арганізацый склаў 829,3 млн рублёў, што на 44,2% менш, чым у студзені—красавіку 2017 года, прыбытак да падаткаабкладання — 1 млрд 212,1 млн (на 35,6% менш). Прыбытак ад рэалізацыі вырас на 14% да 3 млрд 31,2 млн рублёў.
Рэнтабельнасць продажу за чатыры месяцы гэтага года склала 8,2% супраць 8,5% за студзень—красавік 2017-га, рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі — 10,3% супраць 10,8%.
Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг прамысловых арганізацый краіны ў бягучых цэнах склала 36 млрд 954,9 млн рублёў, або на 18,8% больш, чым у студзені—красавіку 2017 года.
Сабекошт рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работ, паслуг за студзень—красавік павялічыўся на 19,7% да 29 млрд 399,2 рублёў.
На думку незалежных экспертаў, хранічна стратныя прадпрыемствы не маюць права на існаванне: іх трэба ці банкрутаваць, ці прадаць прыватным інвестарам. Пры гэтым, лічаць яны, праблемных прадпрыемстваў значна больш, чым афіцыйна стратных. Многія з іх працуюць з рэнтабельнасцю, ніжэйшай за 5%.