Анатоль Лябедзька адказаў на крытыку Ганны Канапацкай
Нагадаем, што 8 ліпеня адбудзецца з’езд Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП), на якім будзе абраны новы старшыня арганізацыі. Адна з прэтэндэнтак на гэтую пасаду, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, тым часам, актыўна крытыкуе партыю.
“Агульнае ўражанне – сітуацыя ў партыі крытычная, – напісала Канапацкая на сваёй старонцы ў Фэйсбук. – Трэба крычаць і насіцца са сцягамі? Так нас людзі не зразумеюць. А вось калі мы будзем здольныя прапанаваць не толькі крытыку ўлады, але і гатовыя, але не дэкларатыўныя праекты эканамічных, сацыяльных рэформ, то нас падтрымае яшчэ больш грамадзян краіны. Таму я заклікаю і кіраўніцтва партыі, і ўсіх сябраў АГП адумацца і ўзяцца за працу!”
Анатоль Лябедзька: Думаю, што Канапацкая абрала такую стратэгію падчас выбарчай кампніі на пасаду старшыні АГП. Я гэта называю “стратэгіяй папулізму і скандалаў”, хаця яна таксамамае права на існаванне. Але з’езд пакажа яе эфектыўнасць.
РР: Ганна Канапацкая прапануе не “насіцца са сцягамі”, а прапанаваць уладам “гатовыя, а не дэкларатыўныя праекты эканамічных і сацыяльных рэформ”.
Анатоль Лябедзька: На гэтым этапе выбарчай кампаніі Ганна прапануе іншую стратэгію ўзаемадзеяння з уладамі. І гэтую стратэгію ў той ці іншай ступені ўжо рэалізуюць у Беларусі дзве палітычныя арганізацыі — ЛДПБ Гайдукевіча і “Гавары праўду”. Яны таксама кажуць, што трэба нейкія маленькія крокі рабіць насустрач уладам і, можа быць, праз 10-20 гадоў гэта прынясе нейкі поспех. Я лічу, што гэта тупіковая стратэгія, бо людзі жывуць зараз і цяпер. Яны хочуць, прыходзячы ў будынак суда, мець стасункі з сапраўдным судом, а не з тэлефонным правам. Хочуць прыходзіць на выбарчы ўчастак і ведаць, што іх голас не скрадуць. І гэта трэба зараз, а не праз 20 гадоў. Таму сутнасць прызначэння апазіцыі, каб і крытыкаваць уладу, і паказваць, што трэба рабіць.
РР: Вы лічыце, што тая стратэгія, якую прапаноўвае Ганна Канапацкая, не прымальная для АГП?
Анатоль Лябедзька: Так. Разам з тым, Канапацкая не мае рацыю, калі кажа, што наша партыя толькі са сцягамі носіцца па вуліцах. Мы ствараліся, як партыя сэрэдняга класа, і за час існавання рэгулярна перадавалі ўладам сваю распрацаваную праграму. Апошні раз гэта рабіў Станіслаў Багданкевіч, які перадаў праграму АГП тагачаснаму прэм’ер-міністру Міхаілу Мсяніковічу. Акрамя таго, я не ведаю ніводнага выпадку, каб апазіцыя рабіла гэтую справу за ўладу. Не распрацоўваюць жа кансерватары ў Літве за “Зялёных” іх праграму. Яны крытыкуюць тое, што яны не робяць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя