Алег Волчак: Сілавікі спаборнічаюць
Кіраўнік праваабарончага цэнтра “Прававая дапамога насельніцтва” Алег Волчак распавёў пра тое, чаму Беларусь накрыла чарговая хваля карупцыйных скандалаў.
Апошнім часам амаль штодня з’яўляюцца навіны аб затрыманнях высокіх службовых асобаў па фактах карупцыі.
Алег Волчак: Тое, што зараз актывізаваліся змагары з карупцыяй, гэта, безумоўна, добра. Але не выключаю, што гэтае змаганне з карупцыянерамі ідзе ў межах спаборнічання паміж сілавымі структурамі. Кожнае ведамства хоча паказаць сваю значнасць беларускаму кіраўніку, і, як бачым, КДБ зараз у лідарах па гучных карупцыйных справах.
Акрамя таго, мы бачым, што затрыманні высокіх чыноўнікаў нязменна суправаджаюцца тым, што затрыманыя пачынаюць вяртаць грошы ў бюджэт і нярэдка ў куды большым памеры, чым сума хабару. Улады разумеюць, што грошы патрэбны, а таму і пачалі “даіць” карупцыянераў. З іх можна куды больш узяць, чым з тых няшчасных апазіцыянераў, якім рэгулярна выпісваюць штрафы па 50-200 даляраў за ўдзел у акцыях пратэсту.
Дарэчы, як мне падаецца, карупцыйныя схемы даўно фіксаваліся і аналізаваліся, але менавіта зараз прыйшоў час іх агучыць. Тут атрымліваецца двайны ўдар: людзям паказваюць, што дзяржава змагаецца з карупцыяй, а грошы паступаюць у бюджэт. Хаця не выключана, што такім чынам робяць “падкоп” і пад больш высокіх чыноўнікаў, напрыклад, у той жа сістэме аховы здароўя.
РР: І вось жа парадокс: з карупцыяй змагаюцца дзясяткі гадоў, а карупцыянераў становіцца ўсё больш і больш…
Алег Волчак: Таму што так пабудавана сістэма. Людзі бяруць хабар, бо думаюць, што ў іх ёсць надзейная абарона з ліку больш высокіх чыноўніках. А жыццё ў тым вышэйшым атачэнні, як у павукоў у банцы. Нехта некага пакрыўдзіў, не даплаціў, не падзяліўся… Трэба сказаць, што рызыкоўная ў іх праца. А калі кланы чыноўнікаў пачынаюць ваяваць паміж сабой, тады і з’яўляюцца карупцыйныя скандалы. Адзін аднаго здаюць так, што толькі паспявай кайданкі накідваць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя