Міністр працы не выключае далейшага падвышэння пенсійнага ўзросту
Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч не выключае далейшага падвышэння пенсійнага ўзросту ў Беларусі. Пра гэта яна распавяла, выступаючы перад дэпутатамі з дакладам аб выкананні Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.
Эканаміст Леў Марголін адзначае, што беларусы ўжо адчулі негатыўны для сябе эфект ад падвышэння пенсійнага ўзросту.
– Беларусы негатыўны эфект ужо адчуваюць, таму што ідуць на пенсію пазней. А пазітыўнага эфекту яны ўвогуле не адчуюць. Можа калі б не гэты пад’ём пенсійнага ўзросту, то бюджэту проста прыйшлося б выдаткаваць не 500 мільёнаў, а 700 ці 800. Гэта проста дазваляе ашчаджаць дзяржаўны бюджэт. Людзі простыя гэтага не ўбачаць і не пачуюць.
Пры гэтым міністр Ірына Касцевіч адзначыла, што “гледзячы на дэпутацкі корпус, 60 гадоў для мужчыны не ўзрост”. Каментуе Леў Марголін:
– Якраз і праблема ў тым, што спадарыня Касцевіч глядзіць на дэпутацкі корпус. Калі б яна паглядзела на тых, хто працуе на прадпрыемствах прамысловых, у будаўніцтве, у сельскай гаспадарцы, то ў яе было б можа іншае ўражанне. Але яна вось абмяжоўваецца толькі парламентам.
Першае падвышэнне пенсійнага ўзросту ў Беларусі было абвешчана ў 2016 годзе. У выніку, згодна з рэформай, пенсійны ўзрост жанчын да 2022 года вырасце да 58, а мужчын – да 63 гадоў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Sputnik Беларусь