Каля рэстарана «Поедем поедим» аўтамабіль збіў актывіста апазіцыі



Абаронца Курапатаў Леанід Кулакоў 27 чэрвеня зламаў руку, перашкаджаючы праезду аўтамабіля на тэрыторыю забаўляльнага комплексу з рэстаранам „Поедем поедим”.

„Дзве жанчыны на аўтамабілі не сталі спыняцца перад прысутнымі і фактычна наехалі на яго, збіўшы з ног, рука была траўмаваная да крыві”, — паведаміў БелаПАН сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец.

Удзельнікі акцыі выклікалі хуткую дапамогу і міліцыю. Медыкі павезлі Кулакова ў бальніцу, дзе ў яго дыягнаставалі пералом рукі.

Кіроўца аўтамабіля паехала на запраўку, аднак вярнулася даваць паказанні міліцыі, расказаў Севярынец.

Палітык адзначыў, што супрацоўнікі ДАІ сёння зноў склалі ў дачыненні да актывістаў пратаколы за парушэнне правілаў дарожнага руху, у тым ліку на яго самога і Кулакова.

Акцыі супраць працы забаўляльнага комплексу ля месца масавых пахаванняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Курапатах праходзяць каля ўезду на тэрыторыю комплексу з 31 жніўня.

belapan.by

Фота: svaboda.org