Пастаўкі беларускай малочкі абмяркуюць 2 ліпеня
Пытанні паставак беларускай малочнай прадукцыі абмяркуюць 2 ліпеня міністры аграрных ведамстваў Беларусі і Расеі.
Сустрэча кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта з намеснікам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі – дырэктарам дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Іванам Смільгінем адбылася 27 чэрвеня ў Маскве. Ключавой тэмай дыялогу стала абмеркаванне ходу выканання пунктаў дарожнай карты па ўрэгуляванні пытанняў паставак беларускай малочнай прадукцыі на тэрыторыю Расеі. Вынікі праведзенай двухбаковай работы будуць падведзены пры сустрэчы міністраў сельскай гаспадаркі Расеі і Беларусі ў панядзелак, 2 ліпеня”, – гаворыцца ў паведамленні расейскага ведамства.
Як паведамлялася, Рассельгаснагляд аб’явіў, што з 6 чэрвеня ўвёў часовыя абмежаванні на пастаўку некаторых відаў беларускай малочнай прадукцыі ў тары большай за 2,5 л. Потым расейскае ведамства адмяніла забарону на пастаўкі беларускай малочнай прадукцыі ў тары большай за 2,5 л і зацвердзіла пералік пастаўшчыкоў. У спіс прадпрыемстваў, уключаных у дарожную карту і маючых права паставак у Расею, трапілі ААТ „Баранавіцкі малочны камбінат”, СААТ „Ляхавіцкі малаказавод”, Ваўкавыскае ААТ „Беллакт”, КВУП „Мазырскія малочныя прадукты”, ААТ „Тураўскі малочны камбінат” і ААТ „Лідскі малочна-кансервавы камбінат”.