Берасцейская вобласць адзначае сваё 75-годдзе
Берасцейская вобласць рыхтуецца адзначыць 75 годдзе з моманту свайго заснавання ад 4 снежня 1939 году, калі завершыўся падзел Польшчы паміж Гітлерам і Сталінам. Галоўныя ўрачыстасці адбудуцца ў Берасці – святочны канцэрт, урачыстая нарада прадстаўнікоў рэгіёну, навуковая канферэнцыя.
У астатніх гарадах і раёнах вобласці правядуць інфармацыйна-асветніцкія мерапрыемствы, з мэтаю папулярызацыі сярод грамадства восеньскіх падзей 1939 году.
„Гэта быў падзел інтарэсаў, а не вызваленне беларускага сялянства,” – кажа гісторык Віктар Смірноў:
– Для палякаў трагедыя звязана са стратай суверэнітэту, са стратай дзяржаўнасці. Сталін хацеў, каб заходнія краіны як мага мацней саслабілі адзін аднаго, і тады на штыхах чырвонай арміі ў Еўропу будзе прынесена савецкая ўлада. Бачучы, што нямецкія войскі ўжо перайшлі на тую тэрыторыю, якая патрапляе пад сферу ўплыву Савецкага Саюза, Сталін даў загад перайсці межы. І чырвоная армія дзейнічала дастаткова рашуча, для таго каб адагнаць немцаў ад той тэрыторыі, якая па сферах уплыву адыходзіла да Савецкага Саюза.
Гісторык дадае, што для беларускай дзяржаўнасці гэта адна з важнейшых падзеяў.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя