Новым міністрам абароны прызначаны генерал-маёр Андрэй Раўкоў
Новым міністрам абароны Беларусі прызначаны генерал-маёр Андрэй Раўкоў. Адпаведны ўказ падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам. У афіцыйнай біяграфіі новага міністра чытаем між іншым: у 1988 годзе скончыў з залатым медалём Маскоўскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча; у 1999 годзе скончыў з залатым медалём камандна-штабны факультэт Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі, каментуючы новае прызначэнне, называе Андрэя Раўкова „залатым генералам”, пра якога мала што вядома.
– Пацверджваю такую версію, што Лукашэнка аддае прыярытэт сёння выхадцам з Беларусі. Новы міністр мае ажно два залатыя медалі: маскоўскага агульнакаманднага вайсковага вучылішча і ваеннай беларускай акадэміі, якую ён таксама з залатым медалём скончыў. Гэта „залаты генерал”. Ён з пакалення тых новых, я падкрэсліваю лукашэнкаўскіх, кадраў, якія з’яўляюцца на кіруючых пасадах. Спадзяемся, што „залаты генерал” Раўкоў стане больш публічнай фігурай і магчыма мы даведаемся больш пра гэтую асобу.
Андрэй Раўкоў змяніў на пасадзе міністра абароны генерал-лейтэнанта Юрыя Жадобіна, які 25 лістапада ўказам прэзідэнта быў вызвалены ад пасады і звольнены з ваеннай службы ў запас па ўзросце з правам нашэння ваеннай формы адзення і знакаў адрознення. Міністэрства абароны Жадобін узначальваў на працягу 5 гадоў.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Адпаведны ўказ падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам, Да прызначэння на пасаду міністра Раўкоў быў камандуючым войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання.
Новае прызначэнне каментуе Мечыслаў Грыб, які ў 90-ыя гады займаў пасаду старшыні камісіі па нацыянальнай бяспецы, а таксама старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га склікання, генерал міліцыі ў адстаўцы:
– Я яго зусім не ведаю, што ён і адкуль, таму я пра яго нічога сказаць не магу. Што тычыцца Жадобіна, то мне здаецца, што яго вызвалілі ад пасады не ў сувязі з тым, што ён дасягнуў шасьцідзесяцігадовага ўзросту. Значыць былі нейкія падзеі, бо ён быў асабіста даверанай асобай Лукашэнкі, ён жа яго асабістую ахову ўзначальваў, і на КДБ ён яго ставіў – заўсёды быў пры руках.
Андрэй Раўкоў змяніў на пасадзе міністра абароны генерал-лейтэнанта Юрыя Жадобіна, які 25 лістапада ўказам прэзідэнта быў вызвалены ад пасады і звольнены з ваеннай службы ў запас па ўзросце з правам нашэння ваеннай формы і знакаў адрознення. Мінабароны Жадобін узначальваў на працягу 5 гадоў.
Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя