Субпрадукты з прысмакам канібалізму



Некалькі дзён таму назад у сацыяльных сетках гуляў жахлівы фотаздымак з курынымі субпрадуктамі. Але гэтая выява выклікала жах не толькі ў вегетарыянцаў. Пасярод курыных шыек выразна вылучаўся чалавечы палец з пазногцем. Такую пакупку зрабіла жыхарка Гарадзеншчыны. Як паведамляюць СМІ, кабета планавала прыгатаваць з субпрадуктаў нейкую страву, але пасля размарозкі ўсё пайшло не так. Пасля вусцішнай знаходкі грамадзянка звярнулася ў міліцыю. Пінкертоны з МУС без асаблівых складанасцей знайшлі прадпрыемства, супрацоўніца якога страціла палец. Паводле скупых паведамленняў Следчага Камітэта, у гэты момант праводзяцца разбіральніцтвы. Чалавека, які атрымаў траўму, ідэнтыфікавалі таксама.

Знайсці ва ўпакоўцы частку чалавечага цела – не самы прыемны момант у жыцці. Але ўсё-такі пацярпелай супрацоўніцы птушкафабрыкі не пашанцавала куды больш. Але здзіўляе ў гэтай сітуацыі тое, што пасля здарэння ўся партыя прадукцыі, якую вырабіла тая нешчаслівая змена, не была знятая з продажу. Відаць, адміністрацыя прадпрыемства палічыла страту чалавечага пальца меншым злом, чымся дадатковыя грашовыя выдаткі. Падумаеш, палец страціла! А ў кагосьці – крэдыты, аўтамабілі і цёплы дырэктарскі кабінет. Не трэба валодаць прароцкімі здольнасцямі Вангі, каб прадказаць, што ў выніку праверкі акажацца, што насамрэч ніякай вытворчай траўмы не было, кабета страціла фалангу па-за тэрыторыяй і ў непрацоўны час. А трапілі фрагменты чалавечыны ў пачак з субпрадуктамі падчас транспарціроўкі ці пасля ўмяшальніцтва іншапланетнікаў. У нас усё можа быць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ