Што варушыць Берасце?
На мерапрыемстве пад назвай „Што варушыць Берасце” разважалі пра тое, чаго не хапае гораду.
У якасці спікераў на ім выступілі журналісты, дзеячы мастацтва і рэалізатары сацыяльных і культурніцкіх праектаў. Падрабязней кажа арганізатар івэнту, журналіст часопіса 34mag.net Герман Кліменка:
– Адбывалася дыскусія з берасцейскімі актывістамі, прадпрымальнікамі на тэму таго, чаго не хапае Берасцю ў сацыяльным плане. Былі адказы на пытанні, якія цікавяць жыхароў горада. Мы прыйшлі да нейкіх высноў. У прынцыпе ў нейкай ступені на пытанне: “Чаго не хапае ў Берасці” мы адказалі. Але, зразумела, у рамках двух гадзін гэта даволі складана.
Сярод двух дзясяткаў наведвальнікаў знайшліся і тыя, каму не спадабаўся падобны фармат дыскусіі, як, напрыклад, валанцёру агенцтва рэгіянальнага развіцця „Дзедзіч” Валянціну Туру:
– Былі адныя і тыя ж людзі, адныя і тыя ж журналісты. І наогул ніколі на такую сустрэчу не прыходзяць чыноўнікі ад улады. Таму што мы рабіць Берасце лепшым мусім усе разам. Але яны чамусьці ніколі не прыходзяць на такія сустрэчы.
Акрамя Берасця, падобная сустрэча адбылася ў Салігорску і яшчэ адна запланавана ў Магілёве. Чаму менавіта ў гэтых гарадах, арганізатары не патлумачылі, аднак па выніках дыскусіяў на сайце выдання 34mag.net выйдуць адмысловыя артыкулы на гэтую тэму.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце