На Берасцейшчыне будуць адсочваць выкананне Бернскай канвенцыі



Да кантролю за выкананнем Бернскай канвенцыі далучыліся сябры берасцейкай арганізацыі „Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Згодна канвенцыі, Беларусь мае абавязак захоўваць рэдкія віды раслінаў і жывёлаў, што ўключаныя ў дакумант. Гэтыя рэдкія біятопы па папярэднім падлікам знаходзяцца на 26-ці прыродных тэрыторыях.

„Асноўная наша функцыя – гэта кантроль за якасцю выканання Бернскай канвенцыі на беларускай тэрыторыі”, – распавёў прадстаўнік арганізацыі Андрэй Абрамчук:

– Мы прапанавалі пашырыць спіс да канца года, папярэдні спіс павялічыцца каля 30-ці тэрыторыямі, то бок агульна будзе каля 50-ці. Ну і на працягу 15-га года мы павінны завяршыць падрыхтоўку папярэдняга спіс, уключыць туды ўсе тэрыторыі, якія ўжо вядома, што маюць каштоўнасць, то бок там былі ўжо праведзеныя нейкія даследванні. І па-другое, што больш складана – прапанаваць даследаваць і пацвярдзіць новыя тэрыторыі, якія на сённяшні дзень не маюць яшчэ прыродаахоўчага статусу.

Беларусь падпісала Бернскую канвенцыю ў 2013 годзе. Гэта міжнароднае пагадненне аб ахове дзікай фаўны і флоры і прыроднага навакольнага асяроддзя ў Еўропе.

Беларускае Радыё Рацыя