У Беларусі з 1 ліпеня ваенным пераразлічаць пенсіі
З 1 ліпеня ў Беларусі ваенныя пенсіянеры атрымаюць прыбаўку, а таксама з’явіцца пералік тыпавых цяжкіх жыццёвых сітуацый у адпаведнасці з дэкрэтам нумар 3.
У адпаведнасці з указам кіраўніка краіны нумар 314 ад 31 жніўня 2017 года „Аб пенсійным забеспячэнні некаторых катэгорый грамадзян” з 1 ліпеня ў Беларусі чарговы раз пераразлічаць пенсіі ваеннаслужачых, супрацоўнікаў ваенізаваных арганізацый і членаў іх сем’яў. У адносінах да іх пры назначэнні выплат будзе прымяняцца карэкціруючы каэфіцыент 0,9.
Перагляд пенсій названым катэгорыям праходзіць ў 4 этапы – з 1 верасня 2017 года (карэкціруючы каэфіцыент у 0,83), 1 снежня 2017 года (0,85), з 1 ліпеня 2018-га (0,9) і 1 студзеня 2019-га (0,95). Такім чынам, наперадзе яшчэ адзін этап перагляду выплат. А з 1 ліпеня 2019 года карэкціруючы каэфіцыент прымяняцца не будзе. Аналагічныя падыходы да рэгулявання памераў пенсій ваеннаслужачых былі прыменены ў Расеі пры павышэнні памераў іх грашовага забеспячэння з 1 студзеня 2012 года.
Таксама да 1 ліпеня Міністэрства працы і сацыяльнай абароны сфарміруе прыкладны пералік цяжкіх жыццёвых сітуацый, па якіх грамадзян, якія падпадаюць пад дзеянне дэкрэта нумар 3 „Аб садзейнічанні занятасці”, поўнасцю або часткова вызваляць ад аплаты ЖКП па эканамічна абгрунтаваных тарыфах. Як раней заяўляла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, пры падрыхтоўцы такіх тыпавых рэкамендацый для тэрытарыяльных камісій будзе улічаны набыты імі раней вопыт. У пералік такіх сітуацый, магчыма, увойдзе догляд састарэлых сваякоў, часта хварэючых дзяцей. Зацверджаны пералік плануецца накіраваць у рэгіёны ўжо ў ліпені. Тыя, хто патэнцыяльна можа быць вызвалены поўнасцю або часткова ад выплаты ЖКП, змогуць звяртацца ў пастаянна дзеючыя камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва.