Гурт Vuraj святкаваў Купалле ў куршскай Нярынзе
Гурт Vuraj, які грунтуе сваю творчасць на народнай спеўнай спадчыне, на Купалле выступіў на фальклорным фестывалі на Куршскай касе.
Vuraj быў адзіным прадстаўніком ад нашай краіны на фальклорным фестывалі «Цячэ сонейка па моры», што прайшоў 22-24 чэрвеня ў Нярынзе. З літоўскага боку ўдзельнічаў вялікі шэраг фальклорных гуртоў — усе яны на добрым узроўні прадстаўляюць сваю народную спадчыну, пад палову гуртоў былі з таго рэгіёну, з самага захаду Літвы: Клайпеда, Юодкранце, Ніда, Паланга і інш.
Гурт Vuraj цяпер рыхтуе альбом палескіх песень Lito, у выніку краўдфандынгавай кампаніі сабраная большая, чым прасілі ў людзей, сума на альбом. Менавіта песні з гэтага чаканага альбому гурт і прадставіў на літоўскім фестывалі. Песні былі выкананыя з пачуццём і з добрай інструментальнай аранжыроўкай.
Захапленне палескімі спевамі і палескай спадчынай вядзе радавод з часоў, што папярэднічалі абвяшчэнню незалежнасці краіны. Палессе звязвалі, дый часам звязваюць па-ранейшаму, з «прарадзімай славянаў», тады як, па звестках гідраніміі, абшар, дзе гаварылі па-балцку, даўней сягаў і на поўдзень за Прыпяць.
Адзначым, што ў чэрвені скрыпачка гурта Vuraj Анастасія Папова прадставіла сваю складанку з чатырох узятых з фальклору песень. У стварэнні складанкі ўзялі ўдзел і яе калегі па Vuraj. Праект названы Sneguole, Анастасія ў каментары 34mag так тлумачыць выбар назвы:
«Назва Sneguole паходзіць ад літоўскага імя Snieguolė, што можна перакласці як «пралеска». Мая мама хацела даць мне такое імя. Рэч у тым, што я нарадзілася ў Літве ў красавіку і ў той дзень пайшоў снег».
І гэта ж не адзіная нітка, што гурт Vuraj звязвае з літоўскім кірункам: кантрабасістам у гурце грае музыка Эрык Арлоў-Шымкус. Тым больш выклікае здзіўленне «палеская» арыентацыя ў спевах гурта, калі дазнаешся, што і сам вакаліст і стваральнік гурта Сяржук Доўгушаў родам не з-над палескіх балатоў, а з поўначы, з Віцебшчыны.
Фота — В. Пятрыкас