2 600 пешых пілігрымаў сёлета прыйшло ў Будслаў



2 600 пешых пілігрымаў сёлета прыйшло ў Будслаў на ўрачыстасці Маці Божай Будслаўскай. Самая доўгая пілігрымка была для каталіцкіх вернікаў з Берасцейскай вобласці. Яны ў шляху былі 16 дзён і прайшлі больш за пяцьсот кіламетраў.

Чэслаў Гардзіеўскі з Белаазёрску – пілігрым з вялікім стажам, гэта яго дваццаць пятая пілігрымка. Ён нават падлічыў свой кіламетраж, які сладае ў яго ўжо 5 400 кіламетраў.

– Такога кіламетражу няма ў нікога. Мяне цягне. Я кожны год чакаю: хутчэй бы прайшла восень, зіма, вясна – і пілігрымка. У мяне ж гэта не адна пілігрымка. Я за год два разы хаджу. Я звыкся ўжо. Я ўжо без гэтага як без паветра. Мне падабаецца хадзіць.

 

Як кажа айцец Віктар Бурлака, кусташ Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай у Будславе, адзначыць 20-годдзе каранацыі цудатворнага абраза Найсвяцейшай Панны Марыі прыехала каля 200 святароў і ўвесь Епіскапат разам з Апостальскім Нунцыем Беларусі.

– Каранацыя абраза з’яўляецца афіцыйным пацверджаннем з боку Касцёла, што абраз з’яўляецца сапраўды цудадзейным. Шматлікія цуды запісаны ў кляштарных кнігах. Яны таксама сведчаць пра тое, што шмат людзей сюды прыходзіць, давяраюць сваё жыццё пану Богу, праз заступніцтва Маці Божай Будслаўскай атрымліваюць патрэбныя ласкі. Некаторыя потым прыходзяць, каб падзякаваць за гэта.

Урачыстае набажэнства ў Будславе ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр. Ён удзяліў апостальскае бласлаўленне прысутным ад імя Папы Францішка.

Падчас урачыстасцяў адбылася прэзентацыя Новага Запавету на беларускай мове і прэзентацыя Радыё Марыя. Будслаўскі фэст прайшоў пад дэвізам “Моладзь – надзея Касцёла і грамадства”.

[Not a valid template]

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі