Старажытнае светасузіранне
- Бывае такое: чуеш ў дзверы пазванілі, адчыняеш, а там нікога няма, – гаварыла калега на працы. – І ведаеш, што гэта значыць?
- Што нехта націснуў кнопку званка і збег?
- Не, гэта значыць, што прыйшла Бяда. Нябачная. Пакуль што… нябачная. Ты адчыняеш, нічога не бачыш, а Бяда заходзіць.
Калега родам з Лепеля, яе аповеды былі фантастычныя і глыбокія, як возера пасярэдзіне Лепеля, у якім жыў Цмок.
Распавядала пра вялікі і змрочны дом свайго заможнага бацькі, пра цырульніцу, якая прыходзіла да іх, каб рабіць фрэзуры яе маці. І яшчэ пра тое, як у СССР у кастрычніку 1957 года запусцілі першы штучны спадарожнік Зямлі, і жыхары Лепеля вечарам выйшлі на вуліцы глядзець ў неба.
Прыгожыя людзі з вачыма глыбокімі і светлымі, як вада ў возеры. Выйшлі на вуліцы ў восеньскіх прыцемках, спадзяваліся разгледзець у небе бліскучы рукатворны цуд, але бачылі толькі зоры.
Зоры адбіваліся і ў люстэрку возера. Людзі глядзелі на неба. Спадарожнік застаўся нябачным.
Напрыканцы 19-га стагоддзя бацька паэта Максіма Багдановіча, Адам Багдановіч, напісаў этнаграфічную кнігу “Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў”, а хочацца працягу – перажыткі 20 і 21-га стагоддзяў у беларусаў.