Міліцыя дагэтуль не вярнула намёт Арсенію Дзядку
Актывіст «Моладзі БНФ» Арсеній Дзядок атрымаў адказ міліцыі па справе з намётам. 6-га чэрвеня міліцыя забрала ў пратэстуючага супраць рэстарана ў Курапатах намёт, які актывіст збіраўся паставіць каля ўязной брамы. Аказалася, што гэта не адзіны намёт, забраны ў той дзень. Цяпер рэч знаходзіцца ў Бараўлянскім РАУС.
Кажа Арсеній Дзядок:
– Ён там не адзін – іх там тры. Першы намёт быў канфіскаваны адразу ж, калі толькі яго прынеслі. Другі намёт быў паламаны, і яго таксама забралі. І трэці – мой, канфіскаваны. Заўтра ці паслязаўтра можна пад’ехаць і забраць яго. Рэч усё ж дастаткова патрэбная.
Арсеній Дзядок таксама адзначыў, што міліцыянты, нягледзячы на патрабаванне, не выдалі яму на рукі ніякага дакумента, які б сведчыў пра тое, што намёт забралі ў аддзел. І толькі пасля заявілі, што праводзіцца праверка. У чым сутнасць праверкі – растлумачана таксама не было.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя