Краіна нелегалаў



Калі вы думаеце, што вам хранічна не шанцуе, значыць, вы не чыталі навіну пра прыгоды нелегалаў з Венгрыі на беларускіх дарогах. На адной з баранавіцкіх заправак, якая знаходзяцца паблізу трасы М1, якую ў народзе называюць “Алімпійкай”, кіроўца пачуў дзіўныя гукі, што даносіліся з грузавога адсеку. Гэтыя гукі нагадалі яму мужчынскія галасы. Па прыбыцці міліцыі на месца здарэння аказалася, што вадзіцелю нічога не падалося. Гэта была не галюцынацыя, а цалкам сабе рэальныя нелегальныя мігранты. Дзве асобы, як выявілася, забраліся ў аўтамабіль яшчэ ў Венгрыі, каб даехаць да іншай краіны ЕЗ. Але машына тая рухалася зусім у іншы бок. Небаракі, відаць, хацелі апынуцца дзесьці ў французскім Брэсце, а трапілі ў беларускія Баранавічы.

Большасць суайчыннікаў, якім распавесці гэтую навіну, будзе рагатаць. І не таму, што беларусы не любяць радзіму. Проста ўсе мы выдатна ведаем розніцу паміж ідэальнай карцінкай на дзяржаўным тэлебачанні і жорсткай рэальнасцю. Пры іншым раскладзе, перакананы, небаракі з фургона маглі б наадварот узрадавацца, калі б апынуліся ў Беларусі, якая дваццаць з нечым гадоў таму зрабіла іншы выбар. Яны б убачылі вакол сябе развітую інфраструктуру, заможныя гарады і сучасныя аўтамабілі. І галоўнае, шчаслівых людзей. Такая сабе Чэхія нумар два. Але маем, што маем. Можна колькі заўгодна пераконваць сябе сацыяльнымі ролікамі, што мы жывем у “Краіне мараў”, але ад гэтага сумная рэчаіснасць не зменіцца. На жаль, нават няшчасныя мігранты з краінаў, ахопленых вайной, не сільна імкнуцца ў “стабільную і квітнеючую”. Зрэшты, нам усім можна пазайздросціць нелегалам з Венгрыі. Іх хоць кудысьці дэпартуюць. А нам жыць далей у гэтым зямным раі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ